
На лесвiцы ў сваiм доме яны сустракалi часам "суседа знiзу", выкладчыка лiцэя, што вяртаўся пасля заняткаў, а чацвёртай гадзiне, з двума сваймi дзецьмi. Ва ўсiх траiх у iх былi доўгiя галовы з бясколернымi вачыма, гладкiя i блiскучыя, як вялiкiя касцяныя яйкi. Дзверы ў iх кватэру на iмгненне прачынялiся i прапускалi iх усярэдзiну. Было вiдаць, як яны ступаюць на маленькi лямцавы каберац на паркеце каля ўвахода - i моўчкi знiкаюць у цёмнай глыбiнi калiдора.
IV
Яны балбаталi нешта ледзь выразнае, бегаючы вачыма, нiбыта стараючыся выказаць нейкую тонкую, далiкатную думку, але не знаходзячы слоў.
Ён iх падганяў: "Ну чаму? Чаму? Чаму гэта я эгаiст? Чаму мiзантроп? Ну, скажыце, скажыце?"
У душы - яны ведалi - яны гулялi ў гульню, трымалiся яе правiлаў. Часам iм пачынала здавацца, што ў руцэ ў яго нейкая палачка, якую ён нi на хвiлiну не выпускае, каб камандаваць iмi, якою ён паволi ўзмахвае, каб iмi кiраваць, як балетмайстар. Гоп-гоп-гоп! - яны танчылi, кружылi, круцiлiся, дзе трэба з натхненнем, з веданнем справы, але нiбыта застаючыся на пэўнай адлегласцi, нiбыта нiколi не пераходзячы тае забароннае рысы, за якой яму можа не спадабацца.
"Ну чаму? Чаму? Ну чаму?" Пайшлi! I-i-i раз! Ды не, не так! Назад! Назад! Ну вось, вось - радасны тон, так, яшчэ, плаўна, на дыбачках, з жартам, з iронiяй. Правiльна, правiльна, можна паспрабаваць, гэта кранае. А цяпер наiўны выгляд, i - можна асмелiцца выказаць i некаторыя iсцiны, няхай нават i жорсткiя, можна перайсцi да яго, ён абажае гэта, трошкi яго пацвялiць, ён абажае такую гульню. Э, тут - увага! - цiшэй, цiшэй, тут пачынае ўжо быць небяспечна, але нiчога - можна паспрабаваць, яму гэта можа здацца пiкантным, забаўным, прываблiвым. А цяпер - якую-небудзь гiсторыю, якую-небудзь скандальную гiсторыйку, з iнтымнага жыцця яго знаёмых, у якiх ён бывае ў гасцях, якiя яго паважаюць.
