На борце разам з Жавэлем былi яго малодшы брат, чатыры рыбакi i юнга. Калi выходзiлi з Булонi на ловы, стаяла яснае надвор'е.

Аднак неўзабаве ўзняўся вецер, i яго шалёныя шквалы прымусiлi траўлер кiнуцца наўцёкi. Яны падышлi да берагоў Ангельшчыны, але ўздыбленае мора абрушвалася на скалы, кiдалася на сушу, i ўвайсцi ў гавань магчымасцi не было. Невялiчкае судна зноў выйшла ў мора i вярнулася да берагоў Францыi. Навальнiца па-ранейшаму не давала магчымасцi прайсцi мiж молаў, яна агарнула пенай, грукам i небяспекай усе падыходы да якога-колечы прыстанку.

Траўлер iзноў павярнуў назад, закуляўся па марскiх валах, загайдаўся, захiстаўся, захлынаючыся пад моцнымi ўдарамi хваляў, але, не зважаючы на гэта, бадзёры, звыклы да бур, якiя яго часам прымушалi па пяць-шэсць дзён блукаць мiж дзвюх суседнiх краiн, не маючы магчымасцi прыстаць да якога-небудзь берага.

Нарэшце, калi судна было ў вольным моры, ураган утаймаваўся, i, хоць хвалi былi яшчэ даволi высокiя, гаспадар загадаў закiнуць сетку.

I вось вялiзная рыбацкая прылада была перакiнута цераз борт, i рыбакi двое на носе i двое на карме, - круцячы калаўроты, пачалi выпускаць канаты, якiя яе трымалi. Раптам сетка даткнулася да дна, малодшы Жавэль, якi стаяў на носе i кiраваў спускам сеткi, пахiснуўся, i яго рука апынулася памiж канатам, якi на хвiлiну аслабiўся ў момант штуршка, i калаўротам, па якiм той слiзгаў. Жавэль зрабiў адчайнае намаганне, спрабуючы другой рукой падняць канат, але сетка ўжо адышла, i напяты канат не паддаваўся.

Скурчыўшыся ад болю, ён пачаў крычаць. Усе збеглiся. Старэйшы брат пакiнуў стырно. Усе налеглi на канат, намагаючыся выслабанiць зацiснутую руку. Але ўсё было дарэмна. "Трэба рэзаць", - сказаў адзiн матрос i выняў з кiшэнi доўгi нож, якi мог бы за два ўдары выратаваць руку малодшаму Жавэлю.

Але рэзаць канат азначала згубiць сетку, а сетка каштавала грошай, шмат грошай - паўтары тысячы франкаў; i належала яна Жавэлю-старэйшаму, якi шанаваў свой набытак.



2 из 6