
Настала ноч. Навальнiца не ўтаймоўвалася да свiтанку. Калi ж сонца ўзышло, яны зноў убачылi ўзбярэжжа Ангельшчыны, але мора было ўжо не такое грознае, i яны, лавiруючы, паплылi да Францыi.
Надвячоркам Жавэль-малодшы паклiкаў прыяцеляў i паказаў iм чорныя плямы, брыдкую адзнаку гнiення на той частцы рукi, якая ўжо ледзь трымалася.
Пазiраючы на iх, рыбакi выказвалi свае думкi.
- Напэўна-такi, вогнiк, - меркаваў адзiн.
- Мо трэба б яе салёнай вадой, - прапанаваў Другi.
Прынеслi салёнай вады i палiлi рану. Паранены ўвесь збялеў, заскрыгатаў зубамi, скурчыўся, але не закрычаў.
Калi пякота сцiхла, ён сказаў брату: "Дай нож".
Той падаў.
- Трымай мне руку на вiсу, выпрастай, так, цяпер цягнi.
Усё было зроблена, як ён прасiў.
Тады ён сам узяўся рэзаць. Ён рэзаў пацiху, з развагай, адцiнаючы астатнiя жылы вострым, як галец, лязом; нарэшце ад рукi засталася адна кукса. Ён глыбока ўздыхнуў i прамовiў:
- Так было трэба. Усё роўна ўжо ёй быў гамон.
Мяркуючы па ўсiм, яму палегчала, ён дыхаў цяпер вальней. I зноў пачаў палiваць ваду на абсечаны кавалак, якi застаўся замест рукi.
Ноч здарылася лiхая, i падысцi да берага па-ранейшаму было немагчыма.
Калi развiднела, Жавэль-малодшы ўзяў сваю адцятую руку i доўга яе разглядаў. Праявы гнiення былi вiдавочныя. Прыяцелi таксама падышлi паглядзець, перадавалi яе адзiн аднаму, мацалi, круцiлi, нюхалi.
Брат сказаў:
- Ну, усё, трэба выкiнуць яе ў мора.
Але Жавэль-малодшы незалюбiў:
- Э, ну не! Ну ўжо не! Не дам! Тут ужо мне вырашаць - цi не? - рука мая!
Ён узяў руку i паклаў яе памiж ног.
