- Цудоўны маналог, Леон!

- Магчыма. Толькi з моды выйшаў... Дзякую за падтрымку... У кансерваторыi ў 1895 годзе яна атрымала прэмiю i адразу ж была запрошана ў Камедзi-Франсэз. На жаль, я ведаю па сабе, як цяжка трымацца ў гэтым славутым тэатры. Рэпертуарныя амплуа строга замацаваны за пэўнымi асобамi, якiя iх раўнiва ахоўваюць. Самая здольная служанка можа дзесяць гадоў чакаць, пакуль ёй дадуць нешта вартае з Мальера альбо Марыво. Жэннi Сарб'е, абаяльная, прыгожая, наткнулася на каменную сцяну жанчын, праслаўленых, учэпiстых. Усякая другая пакарылася б i тапталася на месцы альбо праз два гады перакачавала б у тэатр на Вялiкiх Бульварах. Але не такой натуры была наша Жэннi. Яна дала бой. На гэта яна мабiлiзавала ўсё: свой талент актрысы, культуру, прывабнасць, свае цудоўныя валасы.

Вельмi хутка яна паднялася ў тэатры на самы высокi ўзровень. Дырэктар быў ад яе ў захапленнi. Драматургi патрабавалi, каб асаблiва адказныя ролi даручалiся ёй i нiкому больш. Крытыкi, як згаварыўшыся, курылi ёй фiмiям. Нават грозны Сарсэ пiсаў: "Яе мiмiка i жэсты могуць зачараваць i кракадзiла".

Мой бацька, якi ведаў яе ў той час, казаў мне, што яна страшэнна любiла сваю прафесiю, была ўзброена тэарэтычна i шукала новых, асаблiва выразных спосабаў паказу. У той час тэатр спаўзаў на пазiцыi наiўнага рэалiзму. Калi ў якой-небудзь п'есе Жэннi павiнна была атруцiцца, яна наведвала бальнiцы i вывучала спецыфiку смерцi ад яду. Для выяўлення належных пачуццяў яна рабiла эксперыменты з сабой. У справах мастацтва яна не саромелася, як Бальзак, якi для сваiх раманаў выкарыстоўваў сябе альбо пачуццi любiмай жанчыны.

Можаце сабе ўявiць, колькi было паклоннiкаў у дзяўчыны дваццацi двух год у росквiце яе прыгажосцi i славы. Прабавалi падступiцца i артысты, i пiсьменнiкi, i банкiры... Адзiн з банкiраў, Анры Сталь, стаў яе абраннiкам.



2 из 10