
Што гэта, прозвiшча цi мянушка?
Я паклiкаў Сэрваля. Ён падышоў сваiмi вялiкiмi буслiнымi крокамi.
Я спытаўся: "Што здарылася з тутэйшымi людзьмi?"
I ён расказаў мне вось гэтую гiсторыю.
Калi пачалася вайна, малодшы Саваж, яму было тады трыццаць тры гады, пайшоў у войска, пакiнуўшы мацi адну. Яе, старую, не надта шкадавалi, бо ведалi, што грошы ў яе мелiся.
Яна засталася адна ў гэтай самотнай хатцы, так далёка ад сяла, пры самым лесе. Зрэшты, яна i не баялася, бо была з тае ж пароды, што i яе мужчыны, суровая старая, высокая i худая; яна рэдка смяялася i не надта адгуквалася на жарты. Дарэчы, усе вясковыя кабеты не вельмi смяшлiвыя. Гэта ўжо справа мужчын! Ад змрочнага, беспрасветнага жыцця жаночая душа робiцца сумная i абмежаваная. У карчме селянiн трохi прывучаецца да шумлiвае весялосцi, але кабета яго застаецца сур'ёзная, з заўсёднаю суровасцю на твары. Дый самi вусны iх не вельмi прывычныя да ўсмешкi.
Цётка Саваж жыла звычайным жыццём у сваёй халупе, якую неўзабаве засыпаў снег. Раз на тыдзень яна выбiралася ў сяло купiць хлеба ды трохi мяса, пасля вярталася дадому. Хадзiлi чуткi пра ваўкоў, i яна выпраўлялася ў дарогу з сынавай стрэльбай, iржаваю, з прыкладам, адпалiраваным далонямi. Смешна было глядзець, як высокая старая, трохi ўгнуўшыся, iшла па снезе павольнымi шырокiмi крокамi, а ствол стрэльбы тырчаў над чорнаю хусткай, што шчыльна ахiнала галаву i хавала яе сiвыя валасы, якiх нiхто нiколi не бачыў.
I вось аднойчы з'явiлiся прусакi. Iх размясцiлi па хатах залежна ад заможнасцi i багацця гаспадароў. Да старой, якую лiчылi багатаю, паставiлi чатырох.
Гэта былi здаровыя дзецюкi, з белаю скурай, светлымi бародамi, блакiтнымi вачыма; гладкiя, нягледзячы на ваенныя цяжкасцi. I ў захопленай краiне яны заставалiся добрымi хлопцамi. Адны ў гэтай пажылой жанчыны, яны былi вельмi ветлiвыя з ёю, як маглi бераглi яе ад цяжкае працы i вялiкiх выдаткаў. Людзi бачылi, як сырымi снежнымi ранiцамi яны раздзявалiся да пояса i мылiся каля студнi, шчодра палiваючы вадою свае бела-ружовыя спiны, а цётка Саваж тым часам завiхалася, гатуючы снеданне. Бачылi яшчэ, як яны мылi кухню, шаравалi кафлю, калолi дровы, абiралi бульбу, рабiлi ўсю хатнюю работу, нiбы добрыя сыны пры сваёй мацi.
