Раптам яна сказала: "Я не ведаю нат вашых прозвiшчаў, а ўжо месяц, як вы ў мяне жывяцё". Яны зразумелi, што яна хоча, праўда, не без цяжкасцi, i сказалi ёй свае прозвiшчы. Але ёй гэтага было мала, яна папрасiла напiсаць iх на паперы разам з адрасамi iхнiх сем'яў i, начапiўшы акуляры на свой доўгi нос, агледзела незнаёмы почырк. Пасля згарнула паперу i паклала яе ў кiшэню разам з лiстом, што паведамiў ёй пра смерць сына.

Калi прусакi паелi, яна сказала: "Пайду пасцялю вам". I пачала насiць сена на гарышча, дзе яны спалi.

Яны здзiвiлiся, i старая растлумачыла, што так будзе цяплей. Прусакi ўзялiся памагаць ёй. Запхаўшы гарышча да самае страхi, яны зрабiлi сабе нешта накшталт вялiкага пакоя з цёплага духмянага сена, дзе яны маглi спаць найлепшым чынам.

У час абеду адзiн з салдатаў занепакоiўся, што цётка Саваж яшчэ нiчога не ела. Яна адказала, што ў яе балiць жывот. Пасля яна запалiла добры агонь, каб сагрэцца, а чацвёра немцаў, як i кожны вечар, залезлi па лесках на гарышча.

Як толькi дзверы за iмi зачынiлiся, старая прыняла лескi, адчынiла дзверы ў хату i пачала насiць салому, аж покуль не завалiла ўсю кухню. Яна хадзiла па снезе босая так асцярожна, што нiчога не было чуваць. Час ад часу яна прыслухоўвалася да гучнага i няроўнага храпу салдатаў. Вырашыўшы, што саломы ўжо досыць, яна сунула адно бярэмя ў агонь, яно запалала, i старая расцярушыла яго па кухнi. Потым яна выйшла i пачала глядзець.

Праз некалькi хвiлiн неўтаймоўнае полымя залiло халупу з сярэдзiны, пасля яно ператварылася ў жахлiвае вогнiшча, у вялiзарную печ, што палала i пырскала святлом праз вузкiя вокны, кiдаючы на снег яскравы адбiтак.

Моцны крык вырваўся з вышынi хаты, ператварыўся ў хвалю чалавечага ляманту, поклiчаў, што рвалi душу жахам i роспаччу.



5 из 7