Калi я вам спатрэблюся, я ў сябе ў кабiнеце. Ну а ўвогуле, пахаванне заўтра а дзесятай гадзiне ранiцы. Мы падумалi, што такiм чынам у вас будзе досыць часу пасядзець каля нябожчыцы. I апошняе: ваша мацi, здаецца, часта казала сваiм прыяцелям па прытулку, што хоча быць пахаванай згодна з рэлiгiйным абрадам. Я ўжо загадаў зрабiць усё, што трэба. Але лiчу сваiм абавязкам вам пра гэта паведамiць". Я падзякаваў. Праўда, мама, хоць i не была бязбожнiца, пры жыццi нiколi не думала пра рэлiгiю.

Я ўвайшоў. Пакой быў вельмi светлы, пабелены глiнкай, з зашклёнаю столлю. З мэблi стаялi адно некалькi крэслаў i козлы. Пасярод пакоя, на козлах, труна з насунутым векам. На фоне цёмных, фарбаваных пад арэх дошак адразу кiдалiся ў вочы блiскучыя, ледзь прыкручаныя шрубы. Каля труны сядзела арабка ў белым халаце i ў яркай хустцы.

Тут у мяне за спiнай узнiк брамнiк. Ён, вiдаць, бег, бо вельмi задыхаўся. Крыху заiкаючыся, ён сказаў:

- Мы накрылi, але я зараз здыму века, каб вы маглi на яе паглядзець.

Ён падышоў да труны, але я спынiў яго. Ён запытаўся:

- Вы не хочаце?

Я адказаў:

- Не.

Ён апусцiў рукi, i мне зрабiлася няёмка, бо я адчуў, што адмаўляцца было не трэба. Ён уважлiва паглядзеў на мяне i спытаў:

- Чаму? - Але ў пытаннi не было нiякага папроку, быццам ён проста хацеў даведацца.

Я адказаў:

- Не ведаю.

Тады ён пакруцiў свой сiвы вус i прамовiў, не гледзячы на мяне:

- Разумею.

У яго былi прыгожыя блакiтныя вочы i крыху пачырванелы твар. Ён падсунуў мне крэсла i сам сеў трошкi ззаду. Арабка ўстала i пайшла да дзвярэй. Тады брамнiк сказаў:

- Гэта ў яе ад шанкеру.

Я адразу не зразумеў, але, зiрнуўшы на сядзелку, убачыў, што пад вачыма ў яе павязка. Там, дзе павiнен быць нос, бiнт ляжаў гладка. Замест твару была вiдаць адно белая марля.

Калi яна выйшла, брамнiк сказаў:



3 из 85