Я раней нiколi не заўважаў, якiя ў старых кабет бываюць вялiзныя жываты. Мужчыны амаль усе былi худыя i трымалi ў руках кiёчкi. Больш за ўсё мяне ўразiла, што на iх тварах было не вiдаць вачэй - мiж глыбокiх маршчын прабiвалася адно каламутнае, кволае святло. Калi яны парасселiся, большасць уперылася ў мяне i няёмка затрэсла галовамi, бязгучна варушачы пры гэтым праваленымi ў бяззубы рот вуснамi; але я так i не зразумеў, цi то яны вiталiся са мною, цi то быў проста нервовы цiк. Па-мойму, яны ўоё ж вiталiся. I толькi тут я заўважыў, што ўсе яны сядзяць якраз насупраць мяне, справа i злева ад брамнiка, i моўчкi кiваюць галовамi. У мяне на нейкую хвiлiну ўзнiкла дзiўнае ўражанне, быццам яны сабралiся мяне судзiць.

Трошкi пазней адна жанчына заплакала. Яна сядзела ў другiм радзе, за спiнаю ў сваёй прыяцелькi, i мне дрэнна было яе вiдаць.

Яна плакала доўга, моцна ўсхлiпваючы праз аднолькавыя прамежкi часу, i мне здавалася, што яна нiколi не кончыць. Астатнiя нiбы не чулi яе. Яны сядзелi скурчаныя, пахмурныя i маўклiвыя. Хто глядзеў на труну, хто на кiёк, хто яшчэ куды, кожны ўтаропiўся ў адну нейкую кропку i не зводзiў з яе вачэй. Жанчына яшчэ плакала. Мяне гэта вельмi здзiўляла, бо я зусiм не ведаў яе. Мне вельмi хацелася, каб яна сцiхла. Але я не адважваўся сказаць ёй гэтага. Брамнiк нахiлiўся i сказаў ёй некалькi слоў, але яна пакруцiла галавой, нешта прамармытала i зноў пачала плакаць i ўсхлiпваць з тымi ж прамежкамi. Тады брамнiк абышоў труну i сеў побач са мной. Ён доўга маўчаў i нарэшце, не гледзячы на мяне, сказаў:

- Яна вельмi сябравала з вашай мацi. Кажа, што яна была тут яе адзiная прыяцелька i цяпер у яе нiкога няма.

Прайшло яшчэ шмат часу. Жанчына ўздыхала i ўсхлiпвала ўсё радзей. Цяпер яна больш шморгала носам. I нарэшце сцiхла. Спаць ужо не хацелася, але я вельмi стамiўся, балела спiна. Мяне прыгнятала, што ўсе вакол маўчаць. Толькi час ад часу чуўся нэйкi дзiўны гук, i я доўга не мог зразумець, адкуль ён. Урэшце я здагадаўся, што некаторыя старыя смокчуць шчокi, i таму ў iх часам вырываецца такое дзiўнае цмоканне. Яны яго не заўважалi, бо былi вельмi паглыбленыя ў свае думкi. У мяне нават узнiкла ўражанне, што нябожчыца, якая ляжала перад iмi ў труне, не мела для iх нiякага значэння. Але цяпер я думаю, што гэта ўражанне памылковае.



6 из 85