Што ж да мацi, дык тут слёзы лiлiся ракой. Муж прыспяшаў мяне, каб хутчэй скончыць гэтае цяжкае развiтанне, а я, хоць i вельмi шчаслiвая, таксама патанала ў слязах. Цяжка растлумачыць, але гэта так. I раптам я адчула, як нехта цягне мяне за падол сукенкi. Гэта быў Бiжу, пра якога я зусiм забыла. Бедная жывёлiна па-свойму развiтвалася са мной. Нешта кальнула мне ў сэрца, i мне вельмi захацелася пацалаваць сабачку. Я схапiла яго (ты ж ведаеш, ён маленькi, велiчынёй з кулачок) i пачала абсыпаць яго пацалункамi. Я вельмi люблю цалаваць звяркоў, я адчуваю асалоду, я дрыжу ад пяшчоты.

А ён, ён зусiм звар'яцеў, ён махаў лапкамi, лiзаў мяне, нiбыта пакусваючы, як ён звычайна робiць, калi яму вельмi прыемна. I раптам ён схапiў зубамi за мой нос, i мне зрабiлася балюча. Я закрычала i кiнула сабачку. Ён i сапраўды ўкусiў мяне ў запале гульнi. У мяне з носа цякла кроў. Усiм было няёмка. Нехта прынес вады, воцату, бiнту, i мой муж сам узяўся мяне лячыць. Нiчога сур'ёзнага не было, толькi дзве маленькiя дзiрачкi, быццам хто пракалоў iголачкамi. Праз пяць хвiлiн кроў спынiлася, i мы паехалi.

Мы вырашылi пападарожнiчаць тыдняў шэсць па Нармандыi.

Таго самага вечара мы прыехалi ў Дзьеп. А дакладней кажучы апоўначы.

Ты ведаеш, як я люблю мора. Я сказала мужу, што не лягу спаць, пакуль не пабачу мора. Ён вельмi засмуцiўся. Я спыталася, смеючыся:

- Вы што, хочаце спаць?

Ён адказаў:

- Не, дарагая, але вы павiнны разумець, што я iмкнуся як найхутчэй застацца з вамi сам-насам.

Я здзiвiлася:

- Сам-насам са мной? Але ж мы ад самага Парыжа былi адны ў цягнiку.

Ён усмiхнуўся:

- Былi... але... у цягнiку - гэта зусiм iншая справа, чым калi б мы былi ў нашым пакоi.

Я не саступала:

- Тады добра, вось мы адны на беразе.

Без сумнення, яму ўсё гэта не падабалася. Але ён усё ж сказаў:

- Ну, добра, хай будзе так, як вы хочаце.

Ноч была казачная. Такая ноч нараджае ў душы вялiкiя i няясныя думкi, i нават не думкi, а пачуццi; хочацца выпрастаць рукi, выпрастаць крылы, абняць неба, ах!



2 из 8