Так, ты не памылiлася, глуханямыя забеглi ў кавярню пад час той залевы. Завесiўшы вокны раннiм сутоннем, яна бушавала над горадам з адвячорка да глыбокае ночы. Каля парога наплыла лужына, i мiндалевы лiкёр пiўся з асаблiвым, я сказаў бы, экзiстэнцыяльным прысмакам.

Тады мне ўпершыню i ўзгадаўся той верш:

Я gеnius lосi*, я помню дзяцiнства

Гэтага горада, гэтае песнi.

Шкада, калi не ўваскрэсне

Маё i тваё адзiнства...

* Генiй месца (лац.).

Мы абое калiсьцi вучылi лацiну. Табе з выкладчыкам пашанцавала, вiдаць, болей, бо ты прапанавала вымаўляць "с" не паводле сярэднявечных правiлаў, як "цэ", а ў адпаведнасцi з антычнай традыцыяй, як "ка".

Сутнасць, вядома, была не ў правiльным маўленнi.

У маленстве пасля такiх, як у той вечар, пролiўняў мы, полацкiя хлапчукi, неадменна беглi на бераг Дзвiны, каб знайсцi каля Верхняга замка вымытую са жвiру манету. Наша лiпеньская залева здзейснiла нешта падобнае, прыадкрыўшы адказ на пытанне: што альбо хто зводзiў у кавярнi ўсiх нас, уладна i бесцырымонна пазычаючы ў iншага, больш адпаведнага кожнаму асяроддзя?

Я gеnius lосi, я помню дзяцiнства...

Ён не проста збiраў нас. Раз-пораз ён штукарыў з часам: гэта анi не залежала ад колькасцi выпiтага - бывала, у нас у кiшэнях гуляў вецер i мы абмяжоўвалiся параю кубачкаў кавы, але фiзiчна адчувалi, што час запавольваецца i пляце, як заяц на снезе, карункi петляў, а потым, апамятаўшыся, вяртаецца ў рэчышча кананiчных паводзiнаў i паспешлiва навёрствае ўсё, страчанае на нядаўнiя прыхамацi.

Кавярня прымушала зусiм iначай працаваць памяць, парушаючы яе павуцiнавы спакой вострымi скавышамi i выцягваючы з пыльнага хлуду забытыя або, наадварот, старанна схаваныя рэчы. Здаралася, мы прысвячалi ўспамiнам цэлыя вечары, даведваючыся тое, што магло прагучаць толькi там, за столiкам пад восеньскiм краявiдам, дзе была вiдавочна парушаная перспектыва, затое мастаку ўдалося схапiць момант, калi з нiзкiх хмараў вось-вось пасыплецца снег, што рабiла наш куток яшчэ больш прытульным.



11 из 35