Некалi я пiсаў фантастычныя апавяданнi, i адно з iх мела сюжэт пра вынаходнiка апарата, якi - быццам з грамафонавай кружэлкi цi з магнiтафонавай стужкi - умеў "счытваць" галасы з рэчаў, што былi сведкамi нейкiх размоў i падзеяў. У апавяданнi адбылося забойства, раскрыць якое дапамагло звычайнае кухоннае крэсла.

Не, у кавярнi, як табе вядома, нiкога на нашай памяцi не забiлi, аднак ты ўявi, колькi маглi б распавесцi яе расхiстаныя сiнiя крэслы. Праўда, у нашым выпадку ўсё наадварот: крэслы даўно згарэлi на звалцы, а мы зараз уваскрасiм iх разам з ненадзейнымi спiнкамi i парэзамi, адкуль прасiўся на свет жоўты паралон набiўкi. Потым мы адновiм дрогкi кутавы столiк i брунатную, чыста выцертую стойку ў процiлеглым канцы маленькае, усяго на пяць столiкаў, залi. За стойкай зоймуць свае месцы рослы румяны бармен, падобны да зробленай добрым майстрам-чырванадрэўшчыкам шафы, i ягоная круглявенькая здобная памочнiца; яны няблага разумелi па-беларуску, прынамсi, ведалi, што такое кiлiшак, i нiколi не блыталi каву з какавай.

У той дзень, калi я не здолеў прыдумаць табе бiяграфii...

Так, гэта ўжо за межамi нашае дамовы, але, пагадзiся, каб не мая бяскрыўдная гульня, ты не сядзела б сёння ў фатэлi каля вакна i не казала, што трох пляшак белага сухога вiна якраз дастаткова - не дзвюх i не чатырох, а мяноўна трох.

Значыцца, ты згодная: зробiм выключэнне. Я маю на ўвазе не вiно, а гiсторыю нашага знаёмства. Праўдзiвей - ягоную тэхналогiю.

Ты не забыла, мы пазнаёмiлiся дзякуючы маёй звычцы складаць чужыя бiяграфii. Аб'ектам эксперыментаў амаль кожны раз былi жанчыны. Па-першае, яны хутчэй заводзiлi ўяўленне, а, па-другое, самi абставiны, калi без дазволу жанчыны ўступаеш з ёю ў кантакт, стваралi падтэкст зваблiвай шматварыянтнасцi.



2 из 35