
Я вяртаўся ад стойкi з новай порцыяй лiкёру i сам ператвараўся ў слухача, уяўляючы гэткую ж, як i мая, цiхую гарадскую вулiцу твайго дзяцiнства, дзе таксама цвiлi яблынi i пасвiлiся козы. Нiзкае вакно твайго вузенькага, нiбы пенал, пакойчыка ўпiралася ў сабачую будку, i ўлетку, з-за пахаў, яго лепей было трымаць наглуха зачыненым. Калi мацi працавала ў начную змену, бацька не тоячыся прыводзiў жанчын i ты ўсё чула праз тонкую перабойку, а часам i сутыкалася з распранутай госцяю ў калiдорчыку. Праз гэта, сцвярджала ты, у цябе доўга захоўваўся iмунiтэт супроць блiзкасцi з мужчынамi.
Пад ложкам у пакойчыку-пенале стаяла скрынка з кардоннымi лялькамi, якiм ты выразала з паперы кофтачкi i спаднiчкi. Твае самаробныя цацкi настолькi кранулi мяне, што я вырашыў на дзень нараджэння падараваць табе самую дарагую ляльку ў шыкоўным строi...
Калi мы не сустракалiся цэлы тыдзень, вечар у кавярнi быў прысвечаны снам. Не ведаю, як ты, а я магу прысягнуць, што такiх фантасмагарычных i ўадначас паўнакроўных сноў да таго лета мне не снiлася. Кавярня ўключала вядомыя адной ёй каналы, i, думаю, зазiрнуць у нашы сны не адмовiлiся б сам Зыгмунд Фрэйд i Карл Густаў Юнг.
Узяць хаця б сон, дзе мы з табой iдзём па горадзе, у якiм усе жыхары калекi: сляпыя, бязрукiя, бязногiя, на мылiцах i ў iнвалiдных калясках. Мы, трымаючыся за рукi, каб не згубiцца, прабiраемся праз iхнi крыклiвы страхалюдны натоўп i, часам пераходзячы на бег, як быццам ратуемся ад пагонi, а часам, спыняючыся i пераводзячы дых, заглыбляемся ў нерат вулiц i вулачак, але ў вонкавай хаатычнасцi нашага руху ёсць мэта, пра якую мы не маем права нi на хвiлiну забыць: сярод тысячаў калек i ўбогiх мы павiнны адшукаць iншых нармальных.
А памятаеш конкурс прыгажосцi?
Над амфiтэатрам, дзе ён адбываўся, вiсеў букет шматкалёрных мангальф'ераў, i падобны да грака чалавек у чорным фраку i цылiндры па чарзе падцягваў iх за канат да арэны.
