Вiдаць, ты заявiш пратэст супроць таго, што я зноў адступаю ад пратакола, ды я ўсё ж успомню "Тытанiк". Гэтую гульню мы вынайшлi, пагартаўшы ў скульптара Колi замежны альбом з малюнкамi i фотаздымкамi славутага параплава, ягоных пасажыраў, кают, палубаў i рэстаранаў. Гульню, у якую мы гулялi ў нашай каюце, i толькi потым падымалiся на палубу кавярнi, дзе панаваў спакой i нiхто не здагадваўся, што плаванне няўхiльна наблiжаецца да вусцiшнай развязкi.

"Тытанiк" тануў, на тросах плылi ўнiз шлюпкi з ахопленымi жахам людзьмi, i тут хтосьцi з iх убачыў у асветленым iлюмiнатары маладых мужчыну i жанчыну, якiя, забыўшы пра ўсё на свеце, пяшчотна i страсна любiлi адно аднаго. Гэтая пара, думалi ў шлюпцы, проста не чула, што здарылася з караблём, але ў сапраўднасцi яны ўсё ведалi i замест штурханiны ў азвярэлым натоўпе i гiбелi ў ледзяных хвалях выбралi светлую цёплую каюту i тыя iмгненнi, калi целы i душы ператвараюцца ў адну непадзельную сутнасць, злiваючыся з вечнасцю.

Дастаткова было нам некалькi дзён не бачыцца, як я лавiў сябе на тым, што, здаецца, наперакор законам псiхалогii i фiзiялогii не заўважаю iншых жанчын. Затое пасля нашага спаткання вочы нiбыта расплюшчвалiся i мне рабiлася не проста цiкава затрымлiваць на жанчынах позiрк, але хацелася ўбачыць iх, выпадковых сустрэчных, аголенымi, i я шкадаваў, што не жывапiсец i не фотамастак i не магу iх маляваць альбо здымаць на стужку.

Кажуць, эпiлептыкi ў хвiлiны прыпадку цалкам губляюць уяўленне пра час i прастору, перажываючы iмгненне абсалютнае яснасцi. У тое лета мне давялося сутыкнуцца з нечым падобным: пад час блiзкасцi маё ўласнае "я" пачынала сцiскацца, канцэнтруючыся ў адной кропцы, якая магла знаходзiцца ўжо за межамi цела, i незваротна згубiць каардынаты той кропцы не дазваляла толькi памяць пра цябе.



31 из 35