Але трэба памятаць, што бадай не кожная рэч мае два бакi: паказны i праўдзiвы.

Можа, гэта з паказнога боку здавалася, што Ручаёк з Ветрам моцна ўкахалiся ў Дрэва. Няхай аб гэтым судзяць мудрыя i кемныя людзi, а я толькi раскажу, як усё тут было.

Вясной i ўлетку часта-часта прылятаў Вецер да Дрэва, абымаў яго i сваiмi пацалункамi асушаў роску з зялёнага лiсця яго.

- Як я люблю цябе, маё ты мiлае i прыгожае! - гаварыў Вецер. - Ты слухай толькi мяне i больш нiкога, пакладзiся на маю свядомасць, на сiлу маю, на маё моцнае каханне. Можа, холадна табе? Я праганю хмары, ачышчу неба i скажу сонцу, каб грэла цябе. Люблю я дзетак тваiх, бо твае дзеткi - мае дзеткi.

I Вецер прынiкаў да яго яшчэ цясней i абымаў яго моцна-моцна.

Дрэва ўсё дрыжэла не то з радасцi, не то ад трывогi i асыпала сваё насенне. Вецер падхоплiваў яго i нёс далёка-далёка. За доўгiя часы ён многа занёс у свет гэтага насення. З насення таго вырас цэлы лес, дзе i спачываў, калi было горача, гэты хiтры i злы Вецер. Як толькi ён вывiхроўваўся ў свет, пачынаў балбатаць Ручаёк, цякучы каля саменькага карэння дрэва.

- Ведаеш, любачка, - журчэў Ручаёк, - мне здаецца, што гэты Вецер фальшывы твой прыяцель. Языком ён намеле немаведама чаго: ён табе i хмары разгонiць, i сонцу прыкажа, - слухай яго толькi. А ўвосень вунь якiя штукi выкiдае! А зiмою што робiць? Ты замiраеш на ўсю зiму, нiчога не чуеш, што ён тут вытварае. А я хоць праз лёд, ды чую. Свiстун! Не слухай ты яго! Дзе твае дзеткi? Усiх разагнаў ён, а ты адно стаiш тут, як сiрата, i твае дзецi смяюцца з цябе, бо так панавучаў iх Вецер. Iншая справа - я. Перш-наперш мы суседзi, i ў нас многа супольнага, што трэба моцна трымацца адно другога, бо мы - дзецi зямлi...

Не скончыў Ручаёк гаварыць, бо наляцеў Вецер i сыпнуў са злосцi ў Ручаёк цэлае воблака пылу.

- Высушу, як шкурат у Пятроўку, - пагразiў сярдзiты Вецер.



2 из 4