
зломак у адзiн бок, у другi, той яўна паддаваўся iхняе сiле. Тады баец напяўся яшчэ, i зломак зрабiў шырэйшы ход туды i назад. Здавалася, у гэты раз яны сапраўды знайшлi выйсце. Валока аж акрыяў духам i, змораны, сабраў у сабе рэшту сiл. Зломак паддаваўся, вось-вось павiнен быў выпасцi, як раптам немец засцярожлiва ўскрыкнуў, запальнiчка ўраз пагасла, i нейкi жахлiвы цяжар, прарваўшыся, рухнуў на Валоку. Ён i не ўцямiў нават, што сталася, уваччу блiснула аранжавая зарнiца, i страшны боль у галаве пагасiў адчуванне.
5
Не, ён не загiнуў - ён жыў, але навакольны свет даходзiў да яго свядомасцi праз пякельную нясцерпнасць пакут. Спачатку было такое ўражанне, нiбы ён дзесьцi сцяты, сцiснуты, бы ў якой зубатай пашчы, i страшны боль пранiзвае ўсё яго цела. Асаблiва балела галава; нешта там, у самым нутры мозгу, торгала, калола, рэзала, варухнуцца не было сiлы, i было вельмi пакутна. Яшчэ больш балела спiна. Ад гэтага болю ў адно з праясненняў свядомасцi Валоку здалося, што ён раздзеты ляжыць на ржышчы, калючкi якога разам з калючкамi асоту ўпiваюцца ў яго цела. Ён хоча крыкнуць, пазваць суседа Трахiма, якi жне побач на коннай жняярцы, але нiяк не можа выдавiць з сябе таго крыку. Праз хвiлiну, аднак, ён бачыць жняяра; толькi гэта чамусьцi не Трахiм, а немец - той Фрыц, з якiм ён спаткаўся куды пазней, на вайне, i ў яго аўтамат, - аднаруч ён тузае лейцы, а другой прытрымлiвае на каленях зброю. Немец чамусьцi гаворыць па-беларуску. Валока заходзiцца ад страху, бо ведае, што жняяр Фрыц зараз спынiць коней i застрэлiць яго. Ён ездзiць па кругу навокал байца, кругi ўсё звужаюцца, i зубы жняяркi ўсё блiжэй i блiжэй прысоўваюцца да яго ног. А тут яшчэ дужа пячэ сонца, так смалiць, што ажно разломваецца галава, унутры ўсё ссохла, i нясцерпна хочацца пiць. Валока шэпча: "Пiць, пiць..." - толькi слоў няма: вусны варушацца, а гук прапаў. Затым сонца пачынае знiжацца, падступаць да яго, але чамусьцi робiцца маленькiм, не большым за агеньчык запалкi.
