Калi-небудзь я распавяду, кiм была яна для нас у тыя гады.

Сёньня ж найперш прыгадваецца iншае: складзеныя на грудзях васковыя рукi, увачавiдкi сьсiвелы ад гора Жук ля труны з гаспадыняю, твары Зянона Пазьняка, мастака Яўгена Кулiка, гiсторыка Мiхася Чарняўскага, якi за год да гэтага, шмат чым рызыкуючы, вывез з Зэльвы Бабулiну "Споведзь", што цяпер друкуе часопiс "Маладосць"...

У краiне незалежнай, дэмакратычнай i культурнай разьвiтаньне з адной з найталенавiцейшых яе паэтак сталася б днямi народнага смутку. У нас, у Беларусi, гэтая журботная падзея прайшла непрыкметна, бо амаль нiхто проста ня ведаў нi пра паэтку, нi пра яе сьмерць, а калi б i ведаў, дык большасьцi ўсё адно было б "да лiхтара". Ну, а што тычыцца беларускай iнтэлiгенцыi, дык яе ў тыя красавiцкiя i, дарэчы, выхадныя днi апанавала пошасьць раптоўных хваробаў, сумеры якой можна параўнаць хiба што з колькасьцю тэрмiновых камандзiровак, маршруты якiх пралеглi дужа далёка ад Зэльвы.

Тым часам там, дзе трэба, выпiсвалi камандзiроўкi менавiта ў Зэльву. I ўсё-ткi на кожнага, хто прыехаў хаваць Паэтку, прыпала, здаецца, ня больш, чым па двое падсуседзяў. Далiбог, гэта былi неблагiя суадносiны, i няхай выбачаюць тыя, каго я не ўзгадаю.

З Наваполацку прыехаў iнжынэр Вiнцэсь Мудроў, зь Менску - археолягi Iгар Чарняўскi й Валеры Шаблюк, а таксама дырэктар акадэмiчнага Музэю старажытнабеларускае культуры Вольга Церашчатава з каляжанкамi. Вянок ад Саюза пiсьменьнiкаў Беларусi прывезьлi Вольга Iпатава й Адам Мальдзiс. З Гораднi прыехала Данута Бiчэль зь сябрамi, з Жлобiна - былы лягернiк Мiкола Канаш, якога мы зь Вiнцэсем (даруйце нам, Мiкола Iмполевiч) прынялi ў цягнiку за чалавека з канторы.

Сапраўдныя ж людзi ў цывiльным прыбылi на машынах зь менскiмi, гарадзенскiмi й берасьцейскiмi нумарамi. Яны няўтомна шпацыравалi па вулiцы, хадзiлi пад вокнамi, згуртаваным натоўпам стаялi ў часе адпяваньня нябожчыцы ў царкве, перапiсвалi зьвесткi аб прыежджых у зэльвенскiм гатэльчыку. Ня ведаю, чаго ў падсуседзкiх позiрках было болей: удзячнасьцi да нас, "недобитых националистов", што неяк пацьвярджалi неабходнасьць iхняга йснаваньня i дапамагалi атрымлiваць новыя званьнi i ўзнагароды, гэтае ўдзячнасьцi, або прыкрасьцi, што "главная националистка" i тут нашкодзiла: памерла акурат так, каб у iх прапалi выхадныя.



2 из 3