- Во ў чым наша сiла!

Усё асiнае гняздо так i загуло ад радасцi.

I пачалi восы гадаваць свае джалы. Пайшла трывога па ўсiм царстве ўсялякiх кузурак: нядобрае, вiдаць, задумляюць гэтыя разбойнiкi восы.

На каго ж яны першыя накiнуцца? На каго рыхтуюць свае джалы?

Пчолы думалi, што на iх. Пакiдалi i яны збiраць мёд, давай таксама вастрыць джалы. Няма чаго есцi зiмою, прыходзiцца часамi з голаду пухнуць.

Чмель, той самы спакойны i разважны чмель, што так хораша звiнеў вясною над краскамi, пастанавiў:

- На нас, чмялёў, точаць свае зубы чортавы восы. Дык хвароба ж вам i скула ў бакi!

Давай i чмялi глыбей рыцца ў зямлi, таўшчэй высцiлацца мохам.

- Будзе бура, бiцца будзем, - гуў цяпер сярдзiта чмель.

Мухi лёталi, як шалёныя, не ведаючы, за што ўляпiцца, i давай без толку грызцi жывёлу i чалавека. Нават камар i той збiраў сiлы, не ведаючы сам навошта.

Цяжка стала мошкам. Восы, бачачы ўсё гэта, яшчэ больш захванабэрылiся.

Каб крапчэй чуць пад нагамi грунт, схаўрусавалiся яны з шэршнямi. Яшчэ большая трывога пайшла мiж машкары: шэршань - гэта не жарты. Перш-наперш велiч яго кiдалася ўсiм у вочы - амаль не з вераб'я ростам. Сам такi рыжы - жывот ды галава. Праўда, шчэплены яны вельмi тандэтна: варта было толькi крэпка стукнуць у гэтага iдала, каб галава i жывот параскiдалiся кожнае па сабе. Цяжка стала жыць мошкам.

Толькi i гутаркi было ў iх, што аб восах, аб iх хаўрусе з шэршнямi.

Да гэтай гутаркi сталi прылучацца чуткi аб тым, што восы пачалi накiдацца i кусаць другiх мошак.

А шэршнi ўляцелi ў дупло асiны i выгналi адтуль камароў i мошак, i самi сталi там жыць.

- Не, - гаварыў камар, - далей так жыць няможна... Што з таго, што ў мяне доўгi нос, якiм я пракусваю скуру людзям i жывёле, калi iм карыстацца нельга, бо за восамi свету няма?

Аж заплакаў, бедны.

- У нас у вуллi вятры веюць, а збiраць мёд баiмося, - жалiлiся пчолкi.



2 из 3