Вяз памаўчаў, а потым, махнуўшы галiнаю, сказаў:

- Гэта не агонь.

Маладая бярэзiнка аж задрыжала ўся ад гэтых слоў.

- Як, гэта не агонь? Гэта не праўдзiвы агонь? - тужлiва спытала яна i пачула, што перад ёю як бы адчынiлася нейкая бяздонная пустэля.

- Гэта гнiлякi на балоце свецяцца, - зноў прамовiў вяз, - плюнь на iх: у дрэва павiнна быць дзве дарогi - адна ў зямлю, другая ўгару да сонца.

Доўга яшчэ гаварыў вяз. А бярэзiнка маўчала i не чула яго слоў. "Дык гэта быў зман! А я думала, што гэта - сапраўдны агонь, i ў гэтым была мая радасць i ўцеха, у гэтым забывала я аб сваёй нядолi". I стала сумаваць i тужыць бедная бярозка. Цяпер нiякай радасцi не было ў яе жыццi.

А калi гэты выпадак стаў вядомы памiж дрэў, то яны доўга шумелi i нiяк не маглi прыйсцi да згоды: цi добра зрабiў вяз, развеяўшы гэты туман, гэты прыгожы туман зменнага шчасця беднай бярэзiнкi?

I да гэтага часу вядуць дрэвы спрэчку.



2 из 2