Зь няпамятных часоў малая гацкая сьвятыня ажывала колерамi рэлiгiйнага фэсту на Сьвятога Яна. Гэтак было й падчас польскага глуму. У сьвяты дзень босыя сялянскiя ногi вандравалi сюды навет з далейшага навакольля й зусiм невялiкая доля вернiкаў магла ўмясьцiцца ў сярэдзiне сьвятынi, бальшыня-ж малiлася на траве перад фронтам яе. Побач, у некаторай адлегласьцi, на сталох пад палатнянымi стрэхамi гаспадарылi розныя крамнiкi, пераважна з цукровымi прадуктамi, рознымi булкамi й абаранкамi, марозiвам i багацьцшм лёгкiх напiткаў. Традыцыйна з фэсту без гасьцiнца для дзетак цi раднi нiхто не вяртаўся.

Хоць ад часу новага "вызваленьня", гэтым разам з захаду, да фэсту Сьвятога Яна быў надта-ж скупы лапiк часу, традыцыя веры спанукала да акцыi новага аднаўленьня. Мясцовыя руплiўцы, паразумеўшыся iз слабодзкiмi сьвятарамi й здабыўшы дазвол у нямецкай камандатуры, закасалi рукавы. Вымялi, пазьбiралi й спалiлi на вогнiшчы агiдны бязбожнiцкi хлам, памылi падлогу, сьцены, аўтар, iконы, падсьвечнiкi й харугвы. Таму, што бязбожнiкi панiшчылi царкоўныя кнiгi, наказалi сьвятаром, каб захапiлi свае.

Позным паабедзьдзем пад купальскi вечар нiзка шнуравалi над лугамi ластаўкi й розныя недарэчнасьцi выраблялi вароны ды iншыя птушкi. Пару дзён трымала млява сьпякота, а пасьля, як казалi мясцовыя знахары надвор'я, як у мяшку завязала. Сьмелых шукальнiкаў расьцьвiўшае кветкi папарацi, зусiм пад поўнач, неба прывiтала маланкамi й громам. Абложныя хмары хлынулi сакавiтым, спорным дажджом. Вецер заядла змагаўся з чубамi садоў, прысадаў i лясоў, ды ўжо каля другiх пеўняў узяўся начыста разьмятаць неба. Зарнiцы зазьзялi на ўсходзе маестатычным, спадзяваньнi на вечнае адраджэньне ўлiваючым у душу хараством i прачнулiся сымфонiяй у кустарнiках салаўi. Сонца прывiтала новы дзень лагоднай мацярынскай усьмешкай. Сьвежасьцю цалавалiся адмалоджаныя дубровы й лясы, рана ўскатурхалася звонкагалосая зязюля й хлёсткiм клекатаньнем выпрастаў на бусьлянцы даўгую шыю грацыёзны птах. Над ацьверазеўшымi ад млоснасьцi гонямi палёў зазьвiнелi жаўранкi.



21 из 377