
- Цьфу, салёная гадасьць нейкая!
- Але-ж, якая сухая, - гаварыў Янук, ломячы iншы кавалак. - Чаго плюеш?
- Надта-ж салёная.
Янук узяў кавалак у рот, пажваў i таксама выплюнуў.
- I хто яе такую, халеру, есьць! - у голасе чулася злосьць i рашчараваньне.
- Каб што добрае, дык думаеш яно валялася-б? Даўно расьцягалi-б.
- А каб вымачыць? - разважаў Янук.
- Кiнь ты! - наглiў Стась. - Iдзём куды, мо што лепшае знайдзiм.
Ля цыстэрнаў са сьпiртам нельга было прайсьцi. П'янiцы гарлапанiлi, лаялiся, iншыя-ж запэцканыя, алькаголем адурманеныя, спалi каля рэек. Едкi пах паразьлiванага сьпiрту трымаўся ў паветры. Першая цыстэрна апусьцела, завiхалiся ля другой. Ладна зыйшоўшы з поўдня прыпякала сонца.
- Глянь, колькi паразьлiвалi. Але-ж iм i выгада. Хоць ты ў сьпiрце купайся. Ня сьнiлi такога. От-жа доўга помнiць будуць! - сьмяяўся Янук.
З захаду, з боку сьветафору пачулiся адзiночныя стрэлы. Кулi цiўкнулi над галовамi. Адтуль ланцугом паволi йшлi жаўнеры. Пачаўся перапалох. Як мага, хлопцы iрванулi з чыгунак. Стась шмыгнуў першы, а па ягоных пятах Янук. Прабегшы ля карэлага будынку вакзалу, засопшыся, затрымалiся ў малым парку якраз ля вялiкага помнiка Сталiну.
- Але-ж чэрцi напалохалi! - гаварыў зьбялелы Стась.
- Ты вiдзiў iх? - спытаў Янук.
- Каго?
- Немцаў, каго-ж, вунь там... Гэта-ж яны страляюць, - паказаў Янук у той бок, дзе раней спасьцярог ланцуг жаўнераў. Стрэлы прадаўжалiся й ад вагонаў у панiцы, з крыкам беглi людзi.
- Давай уцiкаем! - дрыжэў Стась, - ато застрэляць.
- Чаго ты дрыжыш, як тая асiна? Яны над галовамi страляюць, каб людзей пастрашыць.
Аглядаючыся на чыгункi, хлапцы рушылi мiж дрэваў.
- А ты глядзi, гэтаму чорту нехта ўжо макаўку зьбiў! Ха-ха-ха! рагатаў Янук.
Вялiзная шэрая гiпсавая галава ляжала мiж белых рамонкаў ля плятформы помнiка. Безгаловае тулава, яшчэ раней дзёгцем спэцканае, цяпер тарчэла нiкчэмным аб'ектам у ваенным хаосе.
