
Што датычыцца iнтэлiгенцыi, то Бiм нават умеў такое: сам навучыўся, дайшоў сваiм розумам, падрапаць за дзверы, каб адчынiлi. Здараецца, захварэе Iван Iванавiч i не iдзе з iм гуляць, а выпускае аднаго. Бiм крыху пабегае, управiцца, як i належыць, i спяшае дадому. Падрапае за дзверы, стаўшы на заднiя лапы, крышку паскуголiць, просячыся, i дзверы адчыняцца, гаспадар, цяжка шлёпаючы па прыхожай, сустрэне, палашчыць i зноў кладзецца ў ложак. Гэта калi ён, пажылы чалавек, пахворвае (дарэчы, пахворвае ён усё часцей i часцей, такога Бiм не мог не заўважыць). Бiм моцна засвоiў: падрапай за дзверы, i табе адчыняць абавязкова; дзверы для таго i ёсць, каб кожны мог зайсцi: папрасiся i цябе ўпусцяць. На яго сабачы розум гэта было ўжо цвёрдае перакананне.
Толькi не ведаў Бiм i не мог ведаць, колькi потым будзе расчаравання i бяды ад такое наiўнае даверлiвасцi, не ведаў i не мог ведаць, што ёсць дзверы, якiя не адчыняюцца, колькi за iх не драпайся.
Што яно там будзе надалей, невядома, а пакуль што застаецца сказаць адно: Бiм, сабака з выдатным чуццём, так i застаўся сумнiцельным - пасведчанне на радаслоўную яму не выдалi. Двойчы Iван Iванавiч выводзiў яго на выстаўку: здымалi з рынга без адзнакi. Выходзiць, чужак.
I ўсё ж Бiм не спадчынная бездар, а выдатны сапраўдны сабака: птушак ён пачаў шукаць з васьмi месяцаў. Ды як яшчэ! Хочацца верыць, што ў яго будзе добрая будучыня.
Раздзел 2
ВЯСНОВЫ ЛЕС
У другi сезон, гэта значыць на трэцi год ад нараджэння Бiма, Iван Iванавiч пазнаёмiў яго з лесам. Гэта было надта цiкава i сабаку, i гаспадару.
У лузе i на полi - там усё бачна: прастора, трава, збажына, гаспадар заўсёды навiдавоку, снуй чаўнаком у шырокiм пошуку, шукай, знайдзi, рабi стойку i чакай загаду. Любата! А тут, у лесе, зусiм-зусiм не тое.
Была ранняя вясна.
Калi яны прыйшлi першы раз, змярканне толькi пачыналася, а мiж дрэў быў прыцемак, хаця лiсця яшчэ не было. Знiзу ўсё ў цёмных адценнях: ствалы дрэў, леташняя цёмна-карычневая лiстота, карычнева-шэрыя сцяблы травы, нават ягады шыпшыны, густа-рубiнавыя ўвосень, цяпер, выстаяўшы зiму, здавалiся зярняткамi кавы.
