
Так сядзелi яны ў размовах пра ўсялякае, калi Эдыльбай, частуючы гасцей шубатам, успомнiў раптам, падаючы чарговую пiялу Едыгею з таго краю стала:
- Едыке, учора ноччу, калi я змяняў вас на дзяжурстве, толькi вы пайшлi, нешта такое здарылася ў небе, я аж закачаўся. Зiрнуў, а гэта ракета з касмадрома пайшла ў неба! Вялiзная! Як дышаль! Вы бачылi?
- А то як жа! Сiла дык сiла! Вусцiшнавата стала. Колькi жыву тут, нiколi такога не бачыў.
- Ды i я ўпершыню на свае вочы ўбачыў, - прызнаўся Эдыльбай.
- Ну калi ты ўпершыню, дык такiя, як мы, тым больш не маглi ўбачыць, рашыў пакпiць Сабiтжан з яго росту.
Доўгi Эдыльбай на гэта толькi ўсмiхнуўся квола.
- Ды што я, - адмахнуўся ён. - Гляджу i сам сабе не веру - адно агонь гудзе ў вышынi. Ну, думаю, яшчэ нехта рушыў у космас. Шчаслiвай дарогi! I давай хутчэй круцiць транзiстар, я яго ўсюды з сабой бяру. Зараз, думаю, па радыё перададуць. Звычайна адразу ж перадача з касмадрома. I дыктар узрушаны як бы на мiтынгу выступае. Аж мурашкi па спiне! Надта хацелася мне, Едыке, дазнацца, хто гэта, каго асабiста бачыў я ў палёце. Але так i не дазнаўся.
- А чаму? - найперш за ўсiх здзiвiўся Сабiтжан, шматзначна i важна прыўзняўшы бровы. Ён пачаў ужо ўвачавiдкi п'янець. Распарыўся, расчырванеўся.
- Не ведаю. Нiчога не паведамiлi. Я "Маяк" увесь час на хвалi трымаў, нi слова не сказалi нават.
- Не можа быць! Тут нешта не так! - з выклiкам усумнiўся Сабiтжан, хутка запiваючы глыток гарэлкi шабатам. - Кожны палёт у космас - гэта сусветная падзея... Разумееш? Гэта наш прэстыж у навуцы i палiтыцы!
- Не ведаю чаму. I апошнiя паведамленнi знарок слухаў, i агляд газет слухаў таксама.
- Хм! - пакруцiў галавой Сабiтжан. - Каб быў я на месцы, на службе сваёй, я, канечне, ведаў бы! Крыўдна, дальбог. А можа, тут нешта не так?
