
- На сэрцы робiцца лягчэй, калi хоць слоўкам перамовiшся, - казала старая. - I чаму не ўсе роўныя на свеце: i ты, дожджык, - вада, i там вада... А вазьмi ж ты...
- I я - тая самая вада, што ў вадаспадзе; яшчэ тыдзень таму я грымеў там разам з мiльёнамi iншых кропелек, - з гордасцю прамовiў ён тысячамi дажджынак.
У гэты момант хмары разарвалiся, сонейка зiрнула на зямлю блiскучымi стрэламi яркiх праменняў, i дрыготнымi зоркамi заварушылiся, заззялi дажджавыя кроплi на старой алешыне.
- Не, не можа быць, не можа быць! - здзiвiлася яна. - Цi ж можна раўняць iх?
Ах, як хацелася ёй пагаманiць аб гэтым з суседкамi!
III
Старасвецкi лес, асаблiва тыя сыны яго, што стаялi непадалёку ад вадаспада, даўно ўжо сярдзiта шумелi, сварылiся i гразiлi вадаспаду. Лес любiў спакой, у яго ёсць важныя думкi, мары. Лес хацеў паслухаць, як спяваюць прыгожыя птушкi, як шэпчацца зялёнае лiсце з цiхiмi кроплямi цёплага дожджыку; лес хацеў пранiкнуць у цiшыню i зразумець таемнасць свету. Лес любiў i буру, любiў паспрачацца з ветрамi-вар'ятамi, любiў рух-сiлу, але вечнага няўпыннага шуму вадаспада ён не мог слухаць, - можа, таму, што вадаспад заўсёды балабонiў адно i тое. Праз гэты лес бегла быстрая, жвавая рачулка. Адвечныя хвоi з гладкаю карою стаялi на берагах i часамi любiлi пагутарыць з рачулкай. I як было не любiць яе, калi яна так уважна, так прыветна вiлася мiж карэннямi!
