
Мастака завуць Георг. Родам ён з Арменii, але гадоў шэсьць жыве ў Менску. Я меў зь iм працяглую гутарку. Вiдавочна, гэта адукаваны чалавек, ён вольна цытаваў гiшпанскую паэзiю, слушна разважаў пра эўрапейскi жывапiс i ўсходнюю культуру, бо, як прызнаўся, належыць да руху прыхiльнiкаў фiлязофii ёгi. Апошняе, мне падаецца, i сфармавала яго як асобу. Георг доўга разважаў пра лёс i наканаванасьць. Маўляў, i тое, што жыве зараз у Менску, i тое, што апынуўся ў Полацку - наканаваньне. Гэта зусiм ня значыць, што iншага не магло быць, проста дзеля ягонага духовага разьвiцьця тое патрэбнае.
Прызнаюся, Георг - сымпатычны мне чалавек, i я зь цiкавасьцю яго слухаў. Аднак у нейкую хвiлiну мне ўзгадалася варона, якую колькi тыдняў таму бачыў са свайго вакна. Птушка павольна ляцела ля самага майго пятага паверху, зусiм побач, i я пасьпеў яе добра разглядзець. Пёры на крылах, вока, якое не выдавала нiякiх эмоцыяў, падкурчаныя лапкi, графiчнасьць дзюбы. Узгадаў, i птушка не выходзiла з маёй галавы. Тады, калi я яе ўбачыў, мне падумалася: вось ляцiць некуды й ведае куды, бо, вiдавочна, ня проста так кружляе. У чым палягае матывацыя яе палёту? Бязглуздае пытаньне, але яно засела ў маёй галаве, i я некалькi разоў вяртаўся да гэтай гiсторыi, спрабуючы прааналiзаваць усе прычыны й вынiкi гэтага. Я разважаў пра пошукi ежы, будаўнiчага матар'ялу для гнязда... Але нечакана мне падумалася зусiм аб iншым. Што здарылася б iз сусьветам, калi б кожная варона страцiла разуменьне таго, куды i навошта трэба ляцець?
Я слухаў Георга, а перад вачыма стаяла тая варона, якая, нясьпешна махаючы крыламi, упарта ляцела да нейкай, невядомай мне мэты. Цi кiравала ёю ў гэтым палёце наканаваньне? Па вялiкiм рахунку - так. Бо жыцьцё патрабуе выкананьня запраграмаваных прыродай адпаведных дзеяньняў - сну, харчаваньня, клопату пра патомства. Але варона ляцела менавiта ў тым накiрунку, менавiта ў той час, менавiта з той хуткасьцю, менавiта на той вышынi...
