
Ён налыгваў трэцi пожаг, калi ў вушах зазьвiнеў пералiвiсты жаночы сьмех.
- Што ж вы робiце? - прамовiла Данута Станiславаўна, падышоўшы блiжэй, а яе сяброўка - райкамаўская сакратарка Марына, - хаваючы ў далонь крывую ўсьмешку, патлумачыла: - Мяса спачатку марынаваць трэба.
Жанкi пастаялi крыху, пагаманiлi i, падхапiўшы мяднiцу з гарою пакроенага мяса, пайшлi ў бок турбазы.
- Ну чаму, чаму я такi? - прамармытаў Макар, ляпнуў па лобе, забiваючы камара, i толькi тады зразумеў, чаму сьмяялiся жанчыны. На лобе, як той лазенны лiст на пэўнай мясьцiне, красаваў лiсток трыпутнiку.
- Ну чаму?.. - прастагнаў ён другiм разам ды нечакана сьцепануўся ад шалёнага ляманту i плёхканьня вады за сьпiнаю. Гэта Мiшка Мандрык сiгануў з масткоў у празрыстую глыбiню ляснога возера.
Потым яны зноў сядзелi ў кабiнцы - пiў, праўда, толькi ён, Макар, - тапiў у гарэлцы сваю няўклюднасьць, - i калi на базу завiтаў Калупайка на шэрай "Волзе", пад нагамi Макаравымi ўжо зыбалася зямля, а ўвушшу натужлiва гулi званы. Потым ён пiў за бяседным сталом, потым ля вогнiшча, закусваючы недапечанай баранiнай, потым яшчэ недзе, а таму й ня дзiва, што наступным ранкам пахмельная памяць зеўрала праваламi i адзiнае, што запомнiлася, дык гэта п'яная пыса дырэктара канторы кiнапракату Даўгалёва, зь якiм ён цалаваўся ўзасос i якому кляўся ў вечнай дружбе.
I яшчэ адна згадка не давала спакою: ён танчыў з Данутай. Згадка была цьмянай, амаль няўлоўнай, i калi Макар, дзьмухнуўшы на гарбату, заплюшчваў вочы, спрабуючы вярнуцца ў прыцемную залю, дзе ён кружыў з Данутай, уваччу кожнага разу паўставалi альбо вясёлкавыя шары, альбо барвовая пыса Васькi Даўгалёва. I толькi калi ён сёрбнуў гарбаты i на шырокiм лабешнiку ягоным заблiшчэлi пацеркi поту, нос адчуў раптам дзiўны, нi з чым не параўнальны пах Дануччыных валасоў.
