Вiктар Зенiч мацней прыцiснуўся да стала i стаў глыбей думаць.

Слалiся зыкi, i ляжаў вечар. Непакойна ўяўлялася зямля i людзi. Зямля для людзей вялiкая, ды ад людзей цесная. А людзi, не могучы цанiць нi цеснаты, нi шырынi, робяць жыццё сваё цесным. Вось адчувала нядаўна вялiкiя трагiзмы сталярова жонка за сцяною i глыбакадумна i ўпэўнена лiчыла, што жыццё для яе пакута, а бачыла ўсяго на адзiн крок перад сабою. Вось дзяўчына за другою сцяною можа i нiяк не лiчыць i лiчыць нiчым не хоча свайго, цi наогул, жыцця, ды само неяк адчуваецца яно - цёмнаю пустатою ляжыць яно перад ёю. А вось сам сталяр, вечна вясёлы i жартаўлiвы, недзе ў майстэрнi робiць ён днём, пад вечар прыходзiць дадому. Ад скептычных адносiн да жончыных трагiзмаў заўсёды нявiннымi, па-дзiцячаму простымi жартамi цвялiцца з ёю, а пасля вясёлы iдзе на цэлы вечар у клуб. Выступае з прамовамi, з вострымi словамi... А вось збоку стаiць Юзiкаў Юзiк, маленькi хлапчына, што ўжо пачаў праходзiць з вялiкае ахвоты, употай ад бацькi, жыццёвую школу. I ён вясёлы.

А пасля зноў уваччу брат з неабдымным iмкненнем жыць.

I раптам прапалi думкi, бо зыкi ўжо выявiлi надзвычайную сiлу. Яны нешта новае, нiколi не бачанае вызвалi ў пачуццях. Як бы паднялася нейкая ясната, i там загаварыла нязлiчанасць маленькiх капель вады, яны злiлiся ў надзвычайна дробныя пералiвы i ўсё расказвалi аб нечым свету, а iх вялiкую гаворку гулка i часта пакрывалi густыя зыкi вялiкiх хваляў вады. Хвалi набягалi адна за адной i сцвярджалi глыбiню, што была ў галасах. Бо гэта было мора шырынi, глыбiнi i тонкасцi над зямлёй.

Тады ўжо не пачуў Вiктар Зенiч, як сцiхла музыка. Яна абарвалася зразу, раптоўна скончылiся зыкi, перайшлi ў цiшыню i ўжо больш не ўзнiмалiся; мусiць, або надзвычайна здаволiлi яны за сцяной дзяўчыну, або з такой самай сiлай вызвалi нездавальненне.



6 из 12