Чым займалiся сто гадоў таму Герцыковiчы, я не даведаўся, аднак сын старога Залмана Айзiк, што працаваў завучам нашае школы, меў бясспрэчныя заслугi ў змаганнi з шыкоўнай фрызурай будучага беларускага лiтаратара Вiнцэся Мудрова, а пляменнiк Айзiка Залманавiча Аркаша Кацман кiраваў пазней папулярнай секцыяй аэробiкi. Пасля агульных заняткаў ён зазвычай пакiдаў у зацiшнай спартовай залi адну са сваiх выхаванак, каб яшчэ з паўгадзiны пазаймацца iндывiдуальна, а потым прыходзiў я, мы рэзалiся ў пiнг-понг, i я прапаноўваў Аркашу трохi адрэдагаваць назву секцыi, дадаўшы перад "б" лiтару "е". Гуляючы са мной развiтальную партыю напярэдаднi ад'езду ў Лос-Анджэлес, Аркаша Кацман прамовiў сакраментальную фразу: "Не пойму я никак, Володя, почему ты вырос среди евреев, а никак приличную квартиру не получишь".

Але гэта прычынiлася праз шмат гадоў пасля дзяцiнства, а ў той малечы час, жывучы сярод суседзяў, якiх спрэс звалi Хаiмамi, Абрамамi, Iзраiлямi ды Мойшамi, я ад душы здзiўляўся, што ў майго таты такое нетутэйшае iмя Аляксей.

Дом маiх бацькоў на вулiцы першага касманаўта атачалi будынкi розных установаў, дзе пасля шасцi заставалiся толькi вартаўнiкi i вахцёры, а таму ўвечары ў нас было пустэльна i цiха. Затое за нашым гародам пачыналiся ажно тры густа населеныя вулiцы з парадкавымi нумарамi пад агульнаю назваю Рабочая. Каб там жылi калi-небудзь нейкiя рабочыя, я не памятаю. Там жылi габрэi, i гэтыя вулiцы, прынамсi, старэйшая частка iхняга жыхарства, гаварылi на iдыш.

У цёплыя летнiя адвячоркi гаспадары выходзiлi з драўляных дамовак, уладкоўвалiся на лавачках каля гародчыкаў, у якiх раслi бэз, "разбiтае сэрца" i жоўтыя вяргiнi, i паважна гаманiлi на не зразумелай мне мове. На ўтравелых вулiцах, дзе машыны з'яўлялiся толькi калi хтосьцi памiраў, хадзiлi козы i куры, бегалi непародзiстыя каты i сабакi рознае масцi, i мы з габрэйскiмi дзецьмi гулялi ў "пiкара" i "калiм-бам-ба".



2 из 11