Хоць iмя гэтага мужнага чалавека ў памяцi палачанаў ужо сцёрлася, ягоны подзвiг назаўсёды ўвайшоў у гарадскiя аналы. Калi ў парку паставiлi атракцыён "Пятля Несцерава", двое мiлiцыянтаў з дзяжурнага патруля раскатурхалi Iзраiля ў ягонай вартоўнi i загадалi пракацiць. Муж цёткi Розы паслухмяна нацiснуў кнопку i пайшоў дасыпаць. Мiлiцыянты "пятлялi" ў скляпаным з бляхi самалёце давiдна. Знялi iх непрытомных i ледзь жывых. На шчасце, адзiн з "лётчыкаў" перад тым як знепрытомнець, здолеў выцягнуць пiсталет i разрадзiць абойму ў бок вартоўнi, чым i парушыў бесклапотны сон пiльнага Iзраiля Майсеевiча. (Перад ад'ездам у Iзраiль муж Розы Саламонаўны, праўда, прызнаваўся, што не заснуў у тую ноч нi на волас.)

I наконт пажару праўда. Калi ў Герцыковiчаў згарэла палова дому, iм папрыносiлi з усiх Рабочых вулiцаў столькi рэчаў, што стары Залман быў проста шчаслiвы i хвалiўся, быццам у адбудаванай дамоўцы цешыцца са сваёй Сiмай не на двух, як да пажару, а ажно на чатырох ложках.

Яшчэ адна Сiма - Сiмачка Музыкант, дачка iнспектара гарана, жыла побач з намi ў завулку з глыбокай лужынай, у якую глядзелiся цераз плот падвязаныя сiнiмi стужкамi мальвы. Смуглявая, з глыбокiм малiнавым румянкам i зялёнымi мiндалевымi вачыма, Сiма надоўга заняла месца ў маiх эратычных фантазiях i самотных забавах. I дагэтуль, перачытваючы "Найвышэйшую песню Саламонаву", я бачу кранутыя лёгкiм загарам Сiмiны ножкi - палевыя з блакiтнымi жылкамi.

Так, варта было выйсцi з дому, прабегчы сотню крокаў, i ты як быццам трапляў у iншую краiну - з яе моваю, з яе аблiччамi i iмёнамi, нязвыклымi звычаямi i стравамi.

Неадменнаю часткаю гэтай краiны, над якой дзьмулi далёкiя гарачыя вятры, быў дзядзька Грыша Цымерман, што сядзеў на лавачцы каля дагледжанага, пафарбаванага ў тэракотавы колер дамка i задуменна глядзеў выцвiлымi лавандавымi вачыма на стогадовую таполю.

Удзень бацька Вовы Цымермана працаваў шаўцом у будцы каля першай у Полацку крамы самаабслугоўвання.



4 из 11