Першы, каго я спаткаў, прыехаўшы з Менска, быў Вова Цымерман з Наталляю. На маё ганарлiвае паведамленне, што я ўжо студэнт, Вова паклаў даме майго сэрца руку на талiю (а праўдзiвей, крыху нiжэй) i, тэатральна закацiўшы вочы, прадэкламаваў найагiднейшыя з усiх вядомых мне дагэтуль паэтычных радкоў:

Натали моя, Натали,

Утоми мою плоть, утоли...

Перад Наталляй стаяў студэнт унiверсiтэта, а яна ўхвальна падхiхiквала нейкаму паршываму дзесяцiкласнiку. Я моўчкi павярнуўся i з нечалавечай самотаю ў душы пайшоў прэч, выкiроўваючыся на дарогу ведаў i зрабiўшы на сцежцы да яе кароткi прывал у бары "Пралеска", дзе ўпершыню ў жыццi выпiў алкагольны кактэйль "Луна".

Каханка маiх сноў наталяла Вову Цымермана нядоўга. На зiмовых вакацыях я са змрочным помслiвым задавальненнем даведаўся, што мой супернiк не вытрымаў канкурэнцыi з якiмсьцi задзвiнскiм лётчыкам, якi неўзабаве зрабiў Наталлi дзiця i ўвiшна перабазаваўся на iншы лясны аэрадром неабсяжнае краiны.

У душы зноў заварушылiся ачахлыя сяброўскiя пачуццi, аднак мы з Вовам ужо рухалiся па розных траекторыях, i цяпер я сачыў за iм адно здаля.

Звесткi, што дасягалi мяне, толькi пацвярджалi маю выснову: сябар дзяцiнства быў нетыповым носьбiтам нацыянальнага характару свайго народа.

Гэта выяўлялася, скажам, у тым, што Вова Цымерман займаўся не шахматамi, як большасць ягоных схiльных да спорту адзiнакроўцаў, а вольнай барацьбой i меў па ёй разрад.

Пасля школы ён не палез у iнстытут, а пайшоў у тэхнiкум цераз дарогу ад дому i потым працаваў на аўтарамонтным заводзе з розным жалеззем.

Вова мог няквола выпiць, у тым лiку i за свой кошт.

У адрозненне ад шмат каго з супляменнiкаў Вова пайшоў служыць у савецкую армiю. Праўда, там ён не скакаў з парашутам i не будаваў БАМа, а граў у аркестры на ўдарных, але дружная армейская сям'я ўсё адно хутка падрыхтавала Цымерману нялёгкае выпрабаванне.



9 из 11