
- Эх, Ваня-а! Кусьнем сьвежанiнкi, самагонкi сёрбнем... Жыцьцё! - адным духам вымавiў кампаньён, калi кол быў, нарэшце, выцягнуты. Iван лiзнуў параненую руку - у калу тырчэлi цьвiкi, - перавёў дых i, згадаўшы дом, з маркотаю прамовiў:
- А дахаты калi?
- Заўтра, Ваня, заўтра. У Мар'яны хата вялiкая - месца пераспаць будзе, узвалiўшы на карак альховы друк, Лябёдка шырокiм крокам рушыў на бабчын падворак.
Кабан ляжаў у сваiм катуху i цiха рохкаў.
"Пудоў дзесяць будзе", - падумалася Iвану, калi ён адчынiў загарадку i ўвайшоў у катух. Тут было душна i цёмна. Агледзеўшыся, ён разблытаў нягнуткiмi пальцамi вузельчык на вяроўцы i нечакана пудлiва падскочыў: над галавой ягонай, крануўшыся кiпцюром вуха, узьляцела ашалелая курыца. Спорна б'ючы крыламi, хахлатка вылецела на двор, загарлала на ўсю глотку, i бабка Мар'яна, прыструньваючы гэтую вар'ятку, абурана вымавiла: - Кыш, каб цябе парвала! Празь iмгненьне курыны лямант пачуўся дзесьцi на другiм канцы двара i неўзабаве зьмяшаўся з мэталёвым шоргатам знадворку. Гэта Лябёдка, седзячы на ганку хаты, тачыў нажы i швайку.
Змахнуўшы халодны пот з лоба, Iван зiрнуў на дарэшты заседжаную курасадню, памацаў падзертае вуха i, прысеўшы на кукiшкi, паклаў далонь на цёплы вепручыны азадак. Вяпрук крыху здрыгануўся, задзёр лыч i гэтак жа, як i ён, Iван, пакутлiва ўздыхнуў.
"Ляжыць, уздыхае... пра нешта думае. I пра што, цiкава, можа думаць вяпрук?" - Iван прыслухаўся да мэталёвага шоргату, правёў рукавом па мокрым носе i з дрыготкай у голасе прашаптаў:
- Выбачай, брат... скончылася тваё жыцьцё.
- Ну, як там? - пачуўся той хвiляй незадаволены Лябёдкавы воклiк.
Iван прыўзьняў вепручыную нагу, таропка накiнуў зашмаргу, i кабан, якi дагэтуль ляжаў незварушна, нечакана падхапiўся на ногi, рынуўся да адчыненай загарадкi, i давялося клiкаць на дапамогу Лябёдку, каб загнаць свавольнiка назад у катух.
