
Другая частка "Тутэйшых" занялася палiтыкай. А якая палiтыка без партыйнага друку?! З гэтае нагоды быў заснаваны бюлетэнь "Кантроль". Калi верыць зьвесткам з кнiгi "Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусi (1971-1990)" (Менск, БГАКЦ, 1998), выдавалi пэрыёдык Сяргей Дубавец i Алесь Бяляцкi. Першы нумар "Кантроля" (выйшаў прыканцы 1988 г.) пачынаецца вялiкiм артыкулам "Дзяды былi за намi", у якiм падрабязна апавядаецца пра ўсе акалiчнасьцi, зьвязаныя са славутымi Дзядамi 30 кастрычнiка 1988 г., якiя былi жорстка разагнаныя менскай мiлiцыяй. Як сьведчыць бюлетэнь, Дзяды-88 ад пачатку рыхтавалiся "Тутэйшымi". Заяўку ў Цэнтральны райвыканкам Менску падавалi Алесь Бяляцкi i Анатоль Сыс. Дазволу апазыцыянэры на правядзеньне Дня памяцi продкаў не атрымалi. Вось як ананiмны аўтар артыкулу апiсвае тыя падзеi: "Яшчэ да пачатку Дзядоў пачаўся "хапун". Людзi ў цывiльным тыцкалi пальцам у мастакоў М.Купаву i А.Марачкiна. Была спроба затрымаць старшыню Мартыралёгу Беларусi З.Пазьняка. Ратуючы яго, "заляцелi" адразу аж трое "Тутэйшых": В.Мартыненка, А.Дэбiш, А.Бяляцкi.
