
- З нажом ходзiць, - буркнуў Лябёдка, калi мацi з сынам выкулiлiся на падворак.
Гаспадар кiнабудкi падняў ножык, паклаў на стол, потым, падумаўшы, падхапiў згублены Лёшкам чаравiк i, разнасьцежыўшы дзьверы, шпурнуў яго ў цёмнае неба.
- Лорка! Твая карова за быком пабегла! - крыкнулi на другiм канцы вулiцы, i Йван абудзiўся.
Знадворку зарыпеў калаўрот, у калодзеж з глухiм плёскатам палiлася вада, а мацi, бухнуўшы вядром аб край бэтоннай цымбравiны, голасна запытала:
- Мiронаўна, цi ёсьць што ў краме?
- Крупы даюць! Па тры кiлё на рукi, - адгукнулася суседка Мiронаўна, i Йван салодка пацягнуўся.
Тут, на гары роднай хаты, нават сны сьнiлiся не такiя, як у iнтэрнаце. Сьнiлася штосьцi прыемнае, да болю шчымлiвае... Iван напружыў памяць, сьцяў павекi, але згадаць мiнулы сон яму так i не давялося: на доле бразнула вядро i пачуўся ўсхваляваны матчын голас:
- Ванька, сьпiш?
Сплю! - адказаў Iван i незадаволена кульнуўся на бок.
- Уставай, вяпрук. У краме крупы даюць... Возьмеш тры кiлё. А я пабегла карову пераймаць.
Iван пазяхнуў, споўз з капы сьвежага сена (мацi ўсьперла на гару першы ўкос канюшыны), штурхануў паддашкавыя дзьверцы.
"Колькi гэта часу?" - падумаў Iван, прыслухоўваючыся да матчыных крокаў, а згледзеўшы сярод бульбоўнiку рухавы хвост ката Барыса, зразумеў, што блiзiўся час абеду. Кот Барыс заўсёды прыходзiў дахаты разам з кароваю, каб выпiць сподак малака. Зьлезшы з гарышча, Iван зайшоў за хлеў, потым доўга i бязмэтна блукаў па двары, аж пакуль ня ўбачыў на ганку хаты падзертую сумку. "Крупы!" згадаў ён нарэшце i, закiнуўшы сумку за сьпiну, рушыў у краму.
Бычкоўская крама ламiлася ад народу. Апрача круп давалi яшчэ i "Трайны" адэкалён. Пазалетась адэкалён на вёсцы ўжываў толькi алькаш Гарашчэня, на якога глядзелi як на вар'ята, але, пачынаючы ад мiнулага году, сьпiртное пад час уборкi ў краму не завозiлi, i мясцовыя п'янчугi пераключылiся на адэкалён.
