
На ганку стаяла яна... На ёй былi чорныя шорты, квяцiстая кашулька, i ў руцэ яна трымала торбачку з крупамi.
"Як жа я ее не прыкмецiў?" - пасьпеў падумаць Iван перад тым, як мазгi ягоныя канчаткова расплавiлiся.
Заўважыўшы знаёмца, дзяўчына адкiнула з твару кудзеркi, з гульлiвым дакорам прамовiла:
- Што ж вы... Я прыехала, думала з вамi пагаманiць, а вы i ў клюб не зайшлi...
"Я заходзiў", - хацеў сказаць Iван, але язык ягоны заняло ад хваляваньня, i замест гэтых слоў дзяўчына пачула няўцямнае мармытаньне.
- Дзiўны вы нейкi... - прамовiла ленiнградка i, перакiдваючы з адной рукi на другую торбачку з груцай, пайшла да матацыкла.
- Ну што ты стаiш, скажы хоць што-небудзь! - прашаптаў нутраны голас, i Iван, прытрымлiваючы рукой дрыготкую скiвiцу, iклiва працадзiў:
- А дзе вы... йiк... навучылiся...йiк... на матацыкле езьдзiць?
Крамныя дзьверы аглушальна рыпнулi i яшчэ адна група вясковых цётак выйшла зь сельмагу.
- Мiкола ж захварэў, дык мяне пляменьнiца прывезла. Гойсае на матацыкле аiйо!
Голас брыгадзiравай жонкi, цёткi Грыпiны, прымушаў да дзеi. Iван глынуў паветра, спалохана выдыхнуў:
- Вы сёньня на танцы прыедзеце?
- На танцы? - дзяўчына прыўзьняла брыво, крутнула ключ запальваньня. - Я б прыехала, ды ў вас сябры хамаватыя... Шмат сабе дазваляюць.
- Больш не дазволяць! А дазволяць - павырубаю! - выпалiў Iван i, ратуючыся ад суворага позiрку цёткi Грыпiны, кiнуўся ў крамы.
Загарэлая Лёшкава рука кладзецца на дзявочае калена, паўзе ўгору, дапаўзае да чорных шортаў. Дзяўчына адбiваецца, малiтоўна глядзiць на Iвана. Ён iдзе да Лёшкi, хапае таго за руку, няўлоўным рухам выкручвае запясьце i, калi Лёшка падае на каленi, б'е яго рабром далонi па патылiцы - дакладна так, як рабiў гэта польскi выведнiк у пабачаным нядаўна кiнафiльме.
