- За капыты, за капыты бярыце!

З начной цямрэчы выплылi падэшвы зношаных чаравiкаў, i ў залю, наперад нагамi, унесьлi Лёшку Мандрыка. "Кароль аршанскай зоны" быў у поўным "вырубоне".

- Цяжкi, халера! - выдыхнуў Юрка Гуль, трымаючы "караля" пад пахi.

Хлопцы занесьлi Лёшку ў канец залi, усьпёрлi на кучу бязладна зваленых крэслаў, i Юрка Гуль, мяльком зiрнуўшы на бiблiятэкарку, гучна абвясьцiў:

- Запрашаюць жанчыны!

- Паскуда! - выдыхнула Забаронька, выбегла з залi, а Юрка Бадуноў чарговым разам уключыў "Анжэлу".

Слухаючы шчымлiвую мэлёдыю, Iван заплюшчыў вочы, уяўляючы, што гэта не Абадзiнскi, а ён, Iван, сьпявае прачулую песьню, а калi зноў зiрнуў на сьвет, дык убачыў, што Маша ўстала з крэсла i iдзе праз залю ў ягоны бок. Стукалi туфлiкi па расссохлай падлозе, парывiста бiлася сэрца, пранiкнёна, зь пяшчотным прыдыханьнем сьпяваў Абадзiнскi. Яшчэ была спадзеўка, яшчэ была кволая надзея, што Маша iшла запрашаць некага iншага. Iван зiрнуў па баках, ступiў крок да дзьвярэй i пачуў раптам такi мiлы i такi лагодны голас:

- Вас можна?

Шаснаццаць гадоў пражыў Iван на сьвеце, а на белы танец яго запрашалi ўпершыню. Ды што там танец... ён i сам да дзяўчат блiжэй як на тры мэтры не падыходзiў, а тут адразу такое... Таму i зьмянiўся Iван з твару, i язык ягоны прысох да паднябеньня, i ня здолеў Iван паведамiць прыгажунi, што ён не танцуе.

- Вас можна? - паўтарыла дзяўчына, i нехта, вiдаць, Васька Бохан, штурхнуў яго ў сьпiну. Ён прайшоў на ватных нагах на сярэдзiну залi, стаў там як укапаны, i Маша паклала яму на плечы свае танклявыя рукi.

"Анжела, ты одна, одна на свете,

Анжела, в добрый час тебя я встретил..."

Трэба было варушыцца, пераступаць з нагi на нагу, хаця б дзеля таго, каб прыхаваць праклятыя дрыжыкi. Падпарадкоўваючыся Машыным рухам, ён зрабiў крок, наступiў дзяўчыне на туфлiк i, спалохана падскочыўшы, ударыў партнэрку нагой ў шчыкалатку. Маша войкнула, адступiла на мэтар, але рук з Iванавых плячэй не зьняла. Разам з апошнiмi ўсхлiпамi Абадзiнскага спакутаваны Iван крутнуўся на абцасах i замест таго, каб правесьцi дзяўчыну да месца цi хаця б кiўнуць галавой, неакрэсьлена крэкнуў i выйшаў на падворак.



31 из 48