Пасьля Станiслававых аповедаў Iван доўга ня мог заснуць, i адно пытаньне вярэдзiла душу: цi бяруць у мараходку двоечнiкаў? Не запытаўся ён пра гэта i наступным ранкам, бо наступным ранкам была нядзеля i Станiслаў адразу пасьля сьняданку некуды зьнiк, а калi вярнуўся, дык у палаце ўжо спалi, i толькi бяссонны Адстаўнiк, ды ён, Iван, бачылi, як "кароль мараходкi" лез у адчыненае вакно i вокраччу дабiраўся да ложка. А ў панядзелак у палату ўвайшоў галоўурач i загадаў Станiславу зьбiраць рэчы.

- Учора ў чарзе па вiно разам стаялi, - патлумачыў "кароль мараходкi", калi за ўрачом зачынiлiся дзьверы, i, накiнуўшы на плечы марскi бушлат, якi прыхоўваў у тумбачцы, працягнуў Iвану шырокую пяцярню.

- Трымай краба, дэсантнiк, - прамовiў Станiслаў зь ледзь прыкметнай усьмешкай, якая яшчэ раз пераканала Iвана, што дэсантура - занятак непаважны, i што толькi надзеўшы марскi бушлат, можна адчуць сябе сапраўдным чалавекам.

Праз два месяцы, апошнiм днём жнiўня, Ваня Бянькоў шкандыбаў па пыльнай бычкоўскай вулiцы, i ўся вясковая дзятва бегла за iм ад самага аўтобусу. Ваня прыпадаў на левую нагу, але пры гэтым ня трацiў годнасьцi i штохвiлi адмахваўся ад матчыных спробаў падтрымаць яго за рукаво.

- Ну чаго ты адмахваешся, - пакрыўджана ўздыхала Ларыса Пятроўна, выцiрала няпрошаную сьлязiну i, усхапiўшыся, дадавала: - Можа хоць цяпер за розум возьмесься?

Пераступiўшы парог роднае хаты, Iван выпiў паўлiтры адтопленага малака, узяў з палiцы сшытак, сеў пры стале i запiсаў у яго прозьвiшчы дзевяцi падшыванцаў, што гаманкой чарадою тоўпiлiся ў прысенку. Такiм чынам у Бычках быў створаны Клюб юных маракоў (скарочана КЮМ), i першай акцыяй клюбу была пабудова плыта на Церахоўскай сажалцы.



6 из 48