
- Вярнiся! - крыкнула мацi праз фортку. - Куды ты супроць ночы пасунуў?
Але Iван матчыных слоў i не пачуў нават, бо iншымi зыкамi поўнiлiся ягоныя вушы, i пошум сушылкi, якi далятаў з супрацьлеглага канца вёскi, здаўся яму пошумам марскога прыбою.
Цэлы месяц адрабiў Iван на зернесушылцы: разгружаў машыны са збожжам, падкiдваў збожжа да шнэкаў, а таксама пiлаваў з напарнiкам дровы для сушыльнай печы. Працаваў звычайна ўночы, а ўдзень адсыпаўся. Даводзiлася, праўда, i ўдзень працаваць, па дзьве зьмены запар. Гэта ўжо як зьменшчык на працу не выходзiў.
Зьменшчыкам у Iвана быў Лёшка Мандрык. Лёшкава мацi бычкоўскiм клюбам загадвала ды квiткi ў кiно прадавала. Лёшка яе часьцяком падмяняў, пускаў Iвана ў кiно безь бiлета. Вось i даводзiлася Iвану за тое па дзьве зьмены адпрацоўваць.
Лёшка Мандрык, да таго як на сушылку патрапiць, цэлы год у Гомелi на кiнамэханiка вучыўся. Ужо зьбiраўся нiбыта i "корачкi" атрымлiваць, але тут неспадзеўка выйшла. Нехта там на гомельскiм вакзале латок абрабаваў, а мiлiцыя, не разабраўшыся, Лёшку прыблытала. Ну i выгналi з вучэльнi. Прынамсi, так пра гэта распавядала Лёшкава мацi.
Мандрык i да Гомлi быў хлопцам фанабэрыстым, а ўжо як у горадзе пажыў ды на гарадзкiх танцах пакруцiўся, дык i ўвогуле нос у неба ўваткнуў. Нават на сушылку ў белых клёшах заяўляўся. Iван на клёшы (трыццаць сантымэтраў на доле, пояс чорным аксамiтам аблямаваны) глядзеў з робленай абыякавасьцю. "Нiчога, думаў ён, краем вока на аксамiтны пояс пазiраючы, - уладкуюся ў Талiне, пашыю сабе яшчэ шырэйшыя". I калi Лёшка не бяз гонару ў голасе паведамiў аднойчы, што пашыўка мадняцкiх штаноў трыццаць рублёў каштуе, Iван як бы мiж iншым зазначыў:
- У мараходцы клёшы дармавыя выдаюць.
Пад час размовы яны якраз дровы пiлавалi. Лёшка як пра мараходку пачуў, дык нават з твару зьмянiўся i палец пiлою паранiў. Пабег дадому палец перабiнтоўваць, а вярнуўся толькi пад вечар, з пляшкай "Араматызаванага" ў кiшэнi. Выпiлi яны, закусiлi кiслымi яблыкамi i па руках ударылi. Вырашылi разам у мараходку паступаць.
