
Першая пляшка цынандалi, як i часiны застою, калi яна каштавала ня больш за два рублi, ужо сталася гiсторыяй.
У Боры бяруць марозiва салдацiкi Савецкай армii. Лыжачкi ў Абх.ССР (цi ў незалежнай РГ) ужо скончылiся, i Бора падае марозiва зь вiдэльцамi. Воддаль спыняецца машына з трыма грузiнскiмi гвардзейцамi, i памiж мною й Борам адбываецца другi дыялёг.
- Боря, ты хотел бы служить в национальной гвардии?
- ...национальная гвардия... и... - вытанчана й прыгожа лаецца Бора.
- Боря, а в Советской армии ты служил?
- Советская... и... армия... и... - Бора лаецца непрыгожа й нявытанчана.
Вяртаючыся да бервяна, я знарок раблю кругаля, каб прайсьцi побач з нацыянальнымi гвардзейцамi й падараваць аднаму зь iх бел-чырвона-белы значак.
- Ты за Гамсахурдиа? - замест якога-небудзь значка наўзамен, пытаецца гвардзеец, i тры пары цёмных вачэй глядзяць на мяне, нiбыта тры дубальтоўкi.
- Я за демократию, - абачлiва адказваю я пад гэтымi трыма сэктарамi абстрэлу.
- Проходи, - кажа гвардзеец.
Цынандалi з новае пляшкi пераконвае, што вадаправод у "Бары" з 12-цi да 17-цi пакуль што не адключаюць.
Бервяно, мора й цынандалi зноў скiроўваюць мае думкi да загадкi - дзе я знаходжуся? - i да асобы, якая гэтую загадку ўвасабляе.
Чарговая пабыўка Гамсахурдзii на волi атрымалася такая працяглая, што дысыдэнт здолеў ператварыцца ў прэзыдэнта.
Народ любiць свайго прэзыдэнта батона Зьвiяда Гамсахурдзiю. Нiякага сумневу ў гэтым не пакiдае ўчарашнi нумар "Вечернего Тбилиси", што тырчыць у мяне з кiшэнi. "Напрасно враги Грузии, - напiсана ў iм на першай старонцы, тешат себя надеждой, что наш народ устал в борьбе за независимость и демократию. Он неутомим, как и его Президент. Проискам врагов мы противопоставим сплоченность и единство. Те же, кто выступает против народа, будут сурово наказаны".
