Сьпярша з гэтай вайной-вайнушкаю ўсё было проста й ясна. "Нашы" непазьбежна перамагалi "немцаў". "Нашы" былi спрэс героямi, а "iхныя" мярзотнiкамi. Гэта была такая ж аксыёма, як i тое, што малочнае марозiва ў летамцы каля рынку каштавала 9 капеек.

У якi час у дзiцячай душы зашкрэблася жамярыца сумневу - узгадаць, бадай, немагчыма.

Мiнецца шмат гадоў, пакуль хлопчык, што на допыце пляваў Колю Кiрпiчонку ў твар i нiкога не "выдаваў" (а Коля, выцiраючы рукавом плявок, балюча бiў "партызана" ў бок нагою ў "эсэсаўскiм" кiтайскiм кедзе), зразумее, што вайна гэта гераiзм i брудная палiтычная гульня, адвага й баязьлiвасьць, разьлiк i безразважнасьць i шмат чаго iншага, прычым разьмеркаванага зусiм ня ў строгай адпаведнасьцi з тым, чыя вайна - справядлiвая, а чыя - не. I яшчэ больш гадоў пройдзе, пакуль той хлопчык сустрэне ў Васiля Гросмана размову начальнiка нямецкага канцлягеру зь ягоным вязьнем, адданым бальшавiком, якi бачыў Ленiна, i ўкормлены фашыст-iнтэлектуал, выпусьцiўшы элегантны струменьчык духмянага цыгарэтнага дыму, скажа свайму зьнясiленаму голадам вiзавi прыкладна наступнае: вайна памiж гiтлераўскай Нямеччынай i сталiнскай Расеяй ёсьць трагiчнаю недарэчнасьцю, i суцешыцца ў гэтай сытуацыi можна толькi адным - хто б нi ўзяў верх, нашая справа пераможа. А пасьля той хлопчык сустрэнецца зь людзьмi, якiя хацелi ваяваць за Беларусь, не залежную нi ад Масквы, нi ад Бэрлiну, i ўрэшце апынулiся ў магiлах пад Монтэ-Касiно i ў сталiнскай вечнай мерзлаце або на берагох Антарыё й на Манхэтэне. А пасьля ён сустрэне абчаплянага ордэнамi й мэдалямi "вэтэрана Вялiкай Айчыннай", пра якога будзе дакладна вядома, што гэты чалавек каваў перамогу, усю вайну расстрэльваючы "врагов народа" пад Новасiбiрскам.



2 из 7