
Мая бабуля Аўгiньня, удава расстралянага ў 1933-м "врага народа", наконт тамтэйшых партызанаў выказвалася зь нязвычнай для яе цiхмянага характару экспрэсiўнасьцю. Найбольш запала мне ў памяць гiсторыя з апошняю кармiцелькай вялiкай сям'i маладой кароўкаю Цясюткай, якую хавалi ў адрыне за сенам, але сусед Апанас, колiшнi камбедавец, раскулачвальнiк i даносчык, штосьцi спасьцярог i прывёў у адрыну сябрукоў з карабiнамi, якiя слухалi, цi дыхае сена, ды толькi разумная рагуля, чуючы пагiбель, прытаiла дыханьне i ўратавалася, уратаваўшы гэтым маму зь яе сёстрамi, а маiмi будучымi цёткамi, што праз паўстагодзьдзя, калi мама ўжо будзе ў лепшым сьвеце, запытаюцца ў мяне, куды ж выбралi на самага галоўнага iх зямелю А.Р.Лукашэнку - у Маскву цi ў Менск?
Мне здаецца, сумневы накшталт маiх варушылiся ня толькi ў маёй душы, проста мы старанна хавалi iх, доўжачы сваю "вайнушку" зь яе бясспрэчным падзелам на "нашых" i "немцаў", "вайнушку", у якой клясе ў пятай у шэрагах байцоў нечакана зьявiлiся кулямётчыцы, разьведчыцы й мэдсястрычкi, i iм было наканавана ўжо зусiм хутка ператварыць нас з загрубелых ваякаў у людзей цалкам цывiльных, здатных хiба што на лякальную памежную сутычку з рэваншыстамi з ФРГ, што - па назову аднаго з полацкiх прадмесьцяў - расшыфроўвалася як Фэдэратыўная Рэспублiка Грамы.
А потым прыйшла завiрушная зiма, калi мы перабралiся жыць у Наваполацак i калi на стале ў музэi баявой славы гарэла сьвечка.
Я думаю, што адмовiўся падпiсаць прысягу ня толькi праз боязь крывi цi з гiгiенiчных меркаваньняў. Мне ўсё ж iшоў пятнаццаты год i пры ўсёй тагачаснай iнфантыльнасьцi я мог ужо зьвязаць некаторыя факты ў ня надта артадаксальныя сылягiзмы.
