I сiла, незвычайная сiла з'явiлася ў смелых гусей. Як спружыны, ходзяць чырвоныя iх лапы, як вастрагруды човен, рэжа iх цела ваду. А востраў так горне, так прыцягае iх жаданнi! I нiчога не гавораць мiж сабою гусi, адно ў iх iмкненне - даплысцi да вострава. Але далёка-далёка яшчэ гэты востраў.

Плывуць гусi, упiраюцца лапамi ў ваду.

- Глядзiце! Цi не здаецца вам, гусi, што востраў нiбы стаў далей ад нас? спытала адна гусь.

- Маўчы! - сказаў гусак, што вёў усю чараду. - Без змагання i няўдач нiчога не даецца на свеце.

Трывога i сумненне закралiся ў гусiныя сэрцы, i пачулi гусi, што сiлы бракуе iм i што не ўперад плывуць яны, а назад.

Загергаталi гусi прарэзлiвымi галасамi.

- Няма ў нас сiлы адолець раку.

- Глядзiце, глядзiце! Востраў усё далей ад нас.

З сярэдзiны рэчкi падалiся гусi на бераг, каля берага яны шукаюць дарог. А там падхапiлi iх вiры. I не могуць гусi даплысцi, дасягнуць жаданай мэты i на бераг не могуць узысцi.

Думалi гусi, што справа iх прапала. Але змаганне загартавала iх сiлы. Акрэплi iх крыллi, i лёгкiм стала iх цела. Махнулi крыллямi гусi, срэбраныя пырскi над рэчкай узвiлiся, i паляцелi смелыя гусi на той жаданы, на той недасяжны востраў.



3 из 3