
Першая вёска пры шашы: у нечым гародчыку поўна чырвонага маку, дзецi бягуць да аўтобуса, босыя, выцвiлi валасы на галовах - вясну i лета на сонцы без шапак; а потым шаша спадае ў лагчынку, на абочыне зашугаюць вербы ўперамежку з алешынамi. Пойдзе брук, зашуршаць колы па гладкiх каменнях, будзе мякка падтрасаць i кiдаць. I недзе з вербаў па-ястрабiнаму пырхне зязюлька i паляцiць некуды над папарамi, не ўзмахваючы крыламi. Невядома чаму ўспомнiцца даўняя прыкмета, што зязюлька падавiлася коласам i не кукуе, а значыць - пара жаць. Успомнiцца, што казала мацi: зязюлька пасля пятра перарабляецца ў ястраба i ўжо дзярэ птушак.
Аўтобус страсяне - абарвуцца думкi. I будзеш зноў глядзець у акно, будуць мiльгаць белыя слупкi - адзiн за адным - каля мосцiка, i здалёк на грудку будзе вiдаць лубiн - увесь у цвеце, ясна-жоўты, як сонца, i раптам ён запахне густым цяплом, лёгкаю пясчанаю зямлёю. I нехта, аж прыпаднiмаючыся, скажа: "Ой, як хораша!" Пойдуць далёкiя панурыя лясы. Недзе пад Негарэлым будуць iсцi па ягады кабеты ў белых хустках, будуць недзе касiць пры рэчцы за алешнiкам мужчыны без шапак, у кашулях, махаючы адзiн за адным косамi.
Потым будзе прыпынак у Стоўбцах, пасажыры наперабой пачнуць купляць чарнiцы. У Стоўбцах сядзе нейкi хлопец на першае сядзенне каля кабiны i пачне ўсё гаварыць нейкай жанчыне пра Данбас, што ён там зарабляе аж па тры сотнi i нашто сядзець дома. I будзе паглядаць на дзяўчыну, на круглыя загарэлыя каленi пад кароткаю тугою спаднiчкаю.
А потым пойдзе пясчаная дарога, пыл i маладыя хвойнiкi. Пакажацца Мiр - чырвана-шэры замак за лiпамi, брукаваны пляц каля спаленага касцёла без вежы, бярэзiнка на муры, i будзе зноў прыпынак: будуць курыць мужчыны ў скверыку, i нехта будзе садзiць дзiця за кусцiкам. Будзе яшчэ гарачыня ў Карэлiчах. Нехта астанецца, забядуюць жанчыны, што чалавеку можа спешна трэба i прыйдзецца яшчэ раз трацiцца на дарогу.
