
- Сёння ў дарогу позна, ды i немец яшчэ слабы. А цераз ноч ён у мяне пойдзе як падмецены, так што мы да Слуцка даклыбаем як з перуна. Эй ты, хворы немчык, кладзiся i спi гэтыя паўсутак, каб заўтра ты ў мяне быў, як шустры бычок.
Немец недаверлiва паглядзеў на салдата, i з яго ўмомант зляцела тая ажыўленасць, першыя адзнакi якой ужо былi з'явiлiся ў яго. Ён глыбей пасунуўся ў лаву, дастаў з нетраў свае змятай i вываленай у зямлi адзежы некалькi закручаных у хустачку канвертаў з раней напiсаным на iх адрасам у Германiю i ў адзiн з гэтых канвертаў паклаў толькi што напiсанае пiсьмо, заклеiў i словамi i знакамi растлумачыў фельчару, што гэта пiсьмо, а не што iншае. Мусiць, фельчару тут ён найбольш мог даверыцца. Пасля гэтага ён паклаў пiсьмо сабе пад галаву i неўзабаве глыбока задрамаў. Дзень iшоў к вечару. Сонца стала нiжэй i пачало бiцца ў акно. У хаце стала ясна, шырэй i прастарней. Немец спаў. Салдат курыў, Волечка займалася дробнай хатняй таўкатнёй, як самая руплiвая з усiх жанчын на свеце. Малады яе госць стаяў на двары пры возе i глядзеў, як конi ядуць сена. Фельчар моўчкi сядзеў i пасля разгаварыўся з Волечкай.
- Дык i табе, дзяўчо, прыйшлося горка, - казаў ён. - Ну, бацька твой, дарма што пiсем не шле, а можа быць жыў i здароў i хутка вернецца дадому. Дык ты нiчога кепскага не думай, а жывi сабе памалу. Ведай, што кожны пражыты дзень адкiдае тое, што ёсць, i наблiжае тое, што будзе. Горачы на свеце многа, але i ў самай большай на свеце пасудзiне ёсць дно, няхай сабе яна хоць i да краёў налiта атрутай. А ты стаiш перад векам сваiм, дык атрута i горач выветрацца i высахнуць, а ты жыць будзеш... Дык як жа мне, - сказаў ён нарэшце да салдата, - трэба дадому брацца.
