
Вядома, немец нiчога не ведаў, што кажа фельчар. Але ён, i не чуючы i нiчога не слухаючы, гледзячы сам у сваю душу, раптам прыгарнуў да сваiх грудзей Волеччыну галаву, i твар яго перасмыкнуўся момантным рухам шчасця. У наступны момант ён пачаў шнырыць па патайных кiшэнях i пад падшэўкай свае адзежы. Ён дастаў адтуль два цi, можа, i тры залатыя гадзiннiкi, некалькi залатых пярсцёнкаў, звязаных нiткай, i залаты нацельны крыжык праваслаўнай царквы - васьмiканцовы з мiнiяцюрным абразком на адваротным баку расейскага барадатага святога. Усё гэта ён загарнуў у прыгаршчы i сунуў у рукi Волечцы. Яна збянтэжылася i апусцiла рукi. Немец сiлаю даваў ёй гэты дарагi падарунак. Было вельмi падобна, што гэтыя рэчы душаць яго i ён стараецца выратавацца ад iх.
- Гэта табе, - гаварыў ён, - каб ты была шчаслiвая за маю радасць. Мой Густаў цяпер мае свайго бацьку.
Твар яго свяцiўся радасцю. Пячаць вялiкай праўды ляжала на яго вачах: ён уладар свету, бо ўжо зноў ходзiць па зямлi i трохдзённае змрочнае ўтрапенне яго мiнулася навек. А ўсё золата, якое толькi ёсць на свеце, нiкчэмная драбяза i непатрэбшчына перад самiм жыццём. Здавалася, праменне iдзе ад яго ўсмешкi. Усмiхаўся шчасцем i салдат, i фельчар, i нават Кастусь, толькi Волечка стаяла чамусьцi маўклiвая. Гэта была сцэна як бы бурнай чалавечай радасцi.
Салдат раптам сказаў:
- Ну што ж, Бог дасць, скончыцца вайна, i жыць будзем у сваю волю.
Немец усё гаварыў раз-поразу:
- Густаў, Густаў...
Фельчар як бы раiўся сам з сабою i сам сабе ўсмiхаючыся:
- Прыехаўшы дадому - адразу забегчы ў сад... - I тут жа растлумачыў, усё не спускаючы з губ усмешкi.
- Густаў... Густаў... - выварочваў немец перад гэтымi людзьмi сваю душу.
