
Бывала (тады не было вайны i мацi была жыва) асеннiмi днямi бацька ўставаў прыцемкам малацiць, i мацi старалася, каб як найлепш накармiць бацьку. Ва ўспамiнах i iнстынктыўным адчуваннi гэтага стук цэпа еднаўся з тым, бывалiшнiм. Дзецi часта гуляюць у дарослых. Тут жа не было гульнi, была самая бязлiтасная неабходнасць, але Волеччын твар быў цяпер так падобен да твару зусiм малой дзяўчынкi, якая пераймае ўчынкi свае мацi! Пакуль Кастусь збiў два пасады, яна не адыходзiла ад печы. Многа разоў яна ў клопаце хадзiла ў агарод, у клець, у склеп, у прыгрэбку i ўсё думала, i ўсё шукала, i глядзела, чаго б яшчэ пакласцi ў гаршчок, i колькi (каб было ў меру) малака ўлiць, i колькi каб кiпела. Але тут яна ўжо мела практыку. Куды горш было з хлебам. Яна яшчэ не ўмела пячы хлеба. Хлеб кожны раз быў то адпечаны, то ацеслiвы. Цяпер хлеб быў ацеслiвы. Праўда, ён ужо быў трэцi тыдзень, i чорствасць зменшыла ацеслiвасць, але ўсё роўна сорам добрай гаспадынi даваць такi хлеб чужым людзям. А што ж iнакш рабiць? Што ж, няхай ён выбачае. I вось, нарэшце, настала хвiлiна есцi. Як добра ён адчуваў сябе пасля работы! А як была рада яна, калi ён весела сеў за стол. Яны елi з адной мiскi, i абое не заўважалi, што хлеб ацеслiвы. Ён усё гаварыў, гаварыў i наiўнымi, бадай што дзiцячымi жартамi рассмешваў яе, наiўную, малую, рухавую. Кудысьцi далёка, у невядомую туманную далечыню адплыў прыкры клопат думаць, куды б ехаць далей, у тую брадзячую беспрытульнасць.
- Але ж ты i гаспадыня! У цябе ж мышэй больш, як таго жыта. Я калi варухнуў снапы, дык мышэй цэлых дзве плоймы i яшчэ маленькая плоймачка бяжыць ззаду.
Яна зарагатала i вылiла з лыжкi на стол. Тады зарагатаў
i ён.
- Бо ката няма, дык i мышы, - тонам апраўдання сказала яна.
- А што ў цябе ёсць! Няма нi ката, нi сабакi, нi пеўня. Нават павука добрага няма. У пунi адзiн вiсiць на павуцiннi, дык такi худы i дробны, што аж рэбры з-пад скуры вiдны. Я тыя рэбры мацаў. Восем абмацаў, а дзевятага дык i зусiм няма. А ён пiшчыць, брыкаецца...