
Каб хто чуў, як пасля гэтага рагатала Волечка! Яна ўжо зусiм не магла есцi. Рагатаў i ён. Можа, з гэтай часiны пачало ў гэтай хаце вiць сабе гняздо шчасце. Усю другую палавiну дня i да самых прыцемкаў зноў стукаў цэп на Волеччыным таку. Ужо бралася на змярканне, калi яна раптам штосьцi ўспомнiла i як бы нават з трывогаю нейкаю палезла на гару. А там вяртлявым рухам апынулася на вышках i доўга штосьцi выглядала ў сябе над галавою. Нарэшце твар яе стаў такi, як бы яна прыгатавалася сказаць: "Дзякуй табе, Божа!" У самым высокiм месцы пад страхою вiсеў як бы забыты кавалачак сухой каўбасы. Сукаватым прутам яна яго адарвала ад вешала i неўзабаве прымчалася з iм у пуню.
- Слухай, годзе ўжо ляскаць цэпам. Ужо змяркаецца. Ведаеш што? Бачыш? Гэта ж я зусiм была забыла, што кавалак каўбасы астаўся. На з'еш.
- А ты сама?
- Ты намалацiўся.
- Не буду есцi.
- Ну дык я табе на вячэру схаваю.
I пайшла. А яму - хоць ты плач. Яму так захацелася гэтай каўбасы! Ён жа так даўно не еў нiчога такога! Ён аж выглянуў з пунi на двор: а можа, яна гэта паджартавала i стаiць дзе за вуглом з каўбасою! Але дзе там жартаваць! Ёй было не да гэтага. Яна ўжо выходзiла з двара на вулiцу, каб спаткаць i вылучыць з чарады сваю карову. Ён увайшоў у хату. Плечы i рукi яго такi здорава нылi ад цэпа. Ён сеў на лаву i ўбачыў, што на стале ляжыць тая каўбаса. Зiрнуўшы ў акно, цi не вiдно дзе поблiзу яе, ён пакруцiў каўбасу ў руках, адарваў драбок i паклаў у рот. Што ж гэта ён робiць? Яна заўважыць, i брыдка будзе перад ёю. Збянтэжана азiраючыся, ён раптам убачыў на стале тое нямецкае золата. "Каб ён быў згарэў! Намучыўся я з гэтым немцам! I бацьку якраз хаваў... "
Цяжкi боль здушыў яму грудзi. Ён выйшаў на двор. Пачынаўся дробны дождж, мусiць, на ўсю ноч. Ён пайшоў класцi нанач коням апошняе сена. Волечка ўвагнала ў двор карову i пайшла ў хату па дайнiцу. Каўбаса ляжала на стале. Волечка адламала драбок ад каўбасы i паклала ў рот. Якая асалода жаваць каўбасу! Як даўно яна не ела смачнай яды! А што, калi ён заўважыць, што яна ела каўбасу? Гэта ж яму абяцанае. Да таго ж - ён увесь дзень малацiў, а яна так сабе круцiлася каля хаты. Як злоўлены злодзей, яна шпарка паклала каўбасу i пайшла даiць карову. Ён стаў збоку i глядзеў, як яна працуе.
