
- Джонас! - закрычала яна.
Джонас сядзеў з вялiзным гузам на лбе.
- Як гэта здарылася? - спытала мiсiс Берг.
- Мiа-Марыя i я спрачалiся, хто можа далей высунуцца з акна, i я перамог, - адказаў ён.
У той час, калi мы з Джонасам высоўвалiся з акна, Лота знайшла вязанне мiсiс Берг, якое ляжала на канапе. Мiсiс Берг вяжа свiтэры i прадае iх. Дык гэта Лота выцягнула пруткi i распусцiла ўсё вязанне мiсiс Берг. Яна сядзела на канапе, уся абкручаная нiткамi.
- Лота, што ты нарабiла? - закрычала мiсiс Берг.
- Я вяжу сабе свiтэр, - адказала Лота. - I паглядзiце, якая хвалiстая шэрсць.
Мiсiс Берг сказала, што было б лепей, калi б мы пайшлi ў сад i з'елi нашыя вафлi, а потым пайшлi дадому.
Мы сядзелi ў садзе мiсiс Берг, пiлi шакалад i елi вафлi з цукрам. Як жа было цудоўна сядзець на сонцы, есцi вафлi i кармiць вераб'ёў крошкамi!
Вельмi хутка мiсiс Берг зноў сказала, что нам пара iсцi дадому. Джонас i я пералезлi цераз плот, а Лота пралезла скрозь дзiрку. Мы пайшлi ў кухню, каб паглядзець, што было на абед.
- Рыба, - адказала мама.
- А здорава, што мы з'елi так многа вафляў, - прамармытаў Джонас.
- Дык вы былi ў мiсiс Берг? - спытала мама. - Цi рада яна была бачыць вас?
- Вядома, - адказаў Джонас. - Яна была рада два разы: першы раз, калi мы прыйшлi, а другi - калi развiталiся.
Сапраўды, мiсiс Берг - гэта найлепшы чалавек, якога мы ведалi.
МЫ ЕДЗЕМ НА ПIКНIК
Аднойчы тата сказаў:
- У нядзелю мы едзем на пiкнiк!
- Ур-а-а! - закрычалi Джонас i я.
- Ура пiкнiку! - крыкнула Лота.
У нядзелю мама ўстала вельмi рана i зрабiла бутэрброды i аладкi. Яна таксама налiла гарачы шакалад у адзiн з тэрмасаў для нас, каву - у другi для сябе i таты. Лiманад мы таксама збiралiся ўзяць з сабой.
