Яна рабочая, з горада. Радзiлася ў вёсцы, жыла ў беднасцi ды ў горы, а пасля, даўно ўжо, у горадзе ўдалося на фабрыку паступiць. А цяпер яна працуе ў жанаддзеле.

"Дык вось адкуль ведае яна наша жыццё", - думала Ганна.

I хацелася тады ёй выказаць гэтай незнаёмай, але ўжо блiзкай жанчыне ўсё, што перадумала, што перажыла. Хацелася сказаць i пра хворага i сярдзiтага ад гэтага брата Аляксея, пра тое, як сёння ранiцою даў ёй у плечы i як яна цяпер яго шкадуе; хацелася гаварыць пра тыя нудныя гаворкi, якiя вядуцца на вулiцы жанчынамi ў святыя днi...

- Ты тутэйшая? - запыталася тая ў Ганны.

- Не, вунь з тэй вёскi, за рэчкай.

- Дык заўтра ж я ў вас буду, сход ззаву i гаварыць будзем...

I тады закалацiлася ў Ганны нешта вялiкае i радаснае. Нешта расчысцiла Ганнiны думкi, i стала фармавацца ў iх веда, што рабiць... Аж павесялела Ганна...

У той вечар з лёгкiмi думкамi iшла яна дадому змрочным полем.

"Вось стрэнуць мяне дома зноў упрокамi, - думала Ганна, - а я буду гаварыць iм аб тым, што прынесла сюды гэтая жанчына, заўтра скажу я ўсiм аб тым, што стала мне ясным сягоння; папярэджу я словам сваiм прыезд к нам заўтра гэтай старшай нашай сястры. Няхай я першая, можа, пакуль што адна, але падтрымаю гэты светлы прыход у маю вёску, бо прыход гэты - збавенне ад горычы жыцця..."

Было ўжо цёмна на полi, як Ганна падыходзiла к вёсцы. Быў цяжкi туман над старой вёскай, ды лёгкiмi i новымi былi думкi ў жанчыны.

1925



7 из 7