
Нялiшне паразважаць над гэтым пытаньнем, калi вы бачыце, як афiцыйныя асобы ўскладаюць кветкi да велiчных помнiкаў. Нялiшне падумаць пра гэта, праходзячы па Ленiнскiм праспэкце й незьлiчоных вулiцах iмя Ленiна. Нам, беларусам, дарэчы будзе ўзгадаць на гэтых вулiцах i ля гэтых помнiкаў, як Ленiн i кiраўнiцтва ягонае партыi спачатку аддалi Беларусь немцам у Берасьцi ў 1918-м, а потым, не спытаўшыся ў нашага народу, не пусьцiўшы ягоных прадстаўнiкоў на перамовы, па жывым распалавiнiлi ейнае спакутаванае цела Рыскай дамоваю ў 1921-м.
Цi думалi вы пра гэта ў самай ганебнай савецкай чарзе? Не, я не пра чаргу па мiску нiшчымнае лягернае баланды. I не пра чаргу на кватэру. I не пра чаргу на выезд за мяжу. I не пра чаргу па вiно, мыла, цыгарэты... Я - пра чаргу да генiя, што разам з паплечнiкамi штурхануў краiну на шлях, якi давёў да бясконцага стаяньня ў гэтых чэргах. Пра чаргу ў Маўзалей.
Ну, а як наконт вашых дзяцей - "юных ленiнцаў" i "акцябрат" (слова настолькi чужое беларускай мове, што ягонае зьнiкненьне пройдзе зусiм незаўважна). Як наконт дэвiзу, якi яны мусяць ледзь не штодня паўтараць на лiнейках i зборах? Да якой "борьбы" яны павiнны быць гатовыя? За якое "дело"? Якой партыi? Ды той самай, дзякуючы якой мы зрабiлiся абязмоўленымi жабракамi са зьнявечанымi мазгамi. (Кажуць, недзе ў Францыi прызналi Ўладзiмiра Iльлiча найвыдатнейшым мысьляром XX стагодзьдзя. Пажылi б тыя французы хоць з тыдзень у краiне, што ледзьве не пабудавала ў 1980 годзе камунiзм).
А як ставiцеся вы да таго, што вашыя дзецi носяць значкi з выяваю чалавека, з блаславеньня якога (пасьля згаданага напачатку сакрэтнага лiста да Палiтбюро) толькi ў 1922 годзе расстралялi, паводле няпоўных зьвестак, 8100 "представителей реакционного духовенства и буржуазии", у тым лiку 3447 манашак i паслушнiц (Протопресв. М. Польский. Новые мученики российские. Джорданвиль, 1949-1957. Т. 1. С. 214). Цi ня больш лягiчна было б, каб "юныя ленiнцы" наладзiлi збор гэтых значкоў для сваiх старэйшых таварышаў з КПСС? Няхай бы насiлi, дэманстравалi вернасьць iдэалам. Вiдаць было б, хто ёсьць хто. Спрыяла б "конструктивному диалогу". Не баяцца ж насiць свае значкi сябры й прыхiльнiкi БНФ.
