Iдылiю гiтарных перабораў, пакладзеных на мулкiя мужчынскiя плечукi дзявочых галовак i мяккага чыфiравага кайфу руйнавала шумнае з'яўленне гурмы падлеткаў. Яны груба лаялiся, як па-пiсанаму часалi на блатным арго, хвалiлiся, хто колькi разоў "отодрал" сваю "чучундру", i дэманстратыўна забаўлялiся з кнопачнымi ножыкамi, з тронкаў якiх, цьмяна паблiскваючы, выляталi вузкiя клiнкi-джалы.

Спачатку мы мелi гэтую кампанiю за малалетнiх хiмiкаў, пагатоў падлеткi ахвотна апавядалi, за што i па якiм артыкуле сядзелi, ды сапраўдныя вольныя пасяленцы пагардлiва растлумачылi нам, што гэта ўсяго толькi пасялковая шпана, занятая пошукамi сваiх жыццёвых iдэалаў.

Ленiнградкi да вогнiшча не прыходзiлi. Трэба сказаць, што, хоць яны i чаплялiся да нас каля сталоўкi, мужчынскае ўвагi iм ставала. На кожную прыпадала ў сярэднiм па трое хiмiкаў-мужчынаў. Звычайна яны i сялiлiся па формуле 3 + 1, праўда, "бугры" мелi права выбару i маглi трымаць невялiкi гарэм, цi, па-мясцоваму, "курятник". Спецкамендатура праблемамi палiгамii не займалася.

Амаль кожны дзень нашага iснавання быў адзначаны адметнай падзеяю.

То "цяжкi" падлетак Вiця, зусiм ачмурэлы ад "трох сямёрак" i любошчаў з амазонкаўскiм кiраўнiцтвам, наловiць у мех з паўтузiна здзiчэлых катоў, падыме iх уначы разам з будатрадаўскiм сцягам на недарэчна высокi флагшток, а пасля перарэжа на блоку вяроўку, i каты будуць, не зацiхаючы нi на секунду, екатаць як рэзаныя, пакуль нейкi пiцерскi хлапец за пляшку "777-га" не ўзлезе, нацёршы рукi смалою, па слiзкiм шосце i не скiне жывой радыёкропкi на дол, а чацвераногiя вязнi не разбягуцца па наваколлi - усе як адзiн цалюткiя i гатовыя да новых прыгодаў.

То двое абхазцаў, якiм заставалiся лiчаныя днi да волi i ад'езду ў Сухумi, хопяцца ў пасялковай краме за нажы i заробяць новы тэрмiн.

То прыедзе маладая жонка начальнiка нiкалаеўскага порта, што "дахiмiчваў" у Ягадным за валютныя аперацыi.



18 из 45