
Галодная i хворая на грып, яна, як пабiты сабачка, прыцягнулася назад да Юры. Цяпер усялякiя сантыменты скончылiся i iхняе жыццё сапраўды пачало нагадваць стасункi памiж гаспадаром i сабакам. Ён кармiў яе, часам браў да сябе ў ложак, наводлiў бiў жалезным эспандэрам, калi яна адмаўлялася выконваць яго мужчынскiя каманды, i нават выгульваў - цягаў за сабою па фарцовачных клопатах, ужо не хаваючы, што ягонымi фiласофскiмi штудыямi быў гандаль джынсамi i кружэлкамi.
Юра ўпiваўся сваёй бязмежнай уладаю над ёй. Калi ў часе супольных выхадаў у горад яму хацелася жанчыны, "фiлосаф" не чакаў вяртання дадому: у каго-небудзь у кватэры ён, перамiргнуўшыся з гаспадаром, вёў Iрку ў другi пакой цi ў кухню, а на вулiцы - заводзiў у блiжэйшы пад'езд i, расшпiлiўшы на джынсах маланку, нагiнаў Iрчыну галаву.
Улетку, калi, паводле шчаслiва-бесклапотнага зiмовага плана, Iрына мела здаваць iспыты на фiлалагiчны факультэт, абмежаваная адно межамi ўласнае фантазii ўлада над дзяўчом конча набiла Юру аскомiну i ён прывёў да сябе нейкую Веру, а свайго "сабачку" выгнаў на вулiцу, уручыўшы "на обзаведение хозяйством" 10 рублёў 50 капеек i клетку з чыюкам. На адвiтанне Iрына яшчэ мусiла заняцца з фiлосафам любоўю, а прысутная пры гэтым Вера ўпэўнена дастала з шафы фотаапарат.
Я слухаў i намагаўся ўявiць, як папярэднiца гэтай сённяшняй пракуранай навылёт хiмiцы, ленiнградская дзяўчынка Iра, без пяцi хвiлiн медалiстка, чытала на пасяджэннях лiтаратурнай студыi свае верлiбры, абмяркоўвала опусы раўналеткаў i называла антыпаэтычным верш аднакласнiка "Девочки на танцах", дзе былi радкi: "Коленки всё, коленки всё, коленки, а между ними сердцу так тесно".
На вулiцы Iрку падабраў Жора на мянушку Кот, якi меў жывое i карае левае вока i шкляное i блакiтнае правае. Жора быў шчодры, але два падарожжы на зону ў Мардовiю (недзе там у халодным месяцавым святле сябры i прайгралi ў карты ягонае вока) дарэшты пазбавiлi Ката ў адносiнах з жанчынамi ўсякай абыходлiвасцi, i самым ласкавым, што чула Iрка перад хвiлiнамi блiзкасцi, былi адрывiстыя загады накшталт "Ложись!" або "В стойку!". Калi Жору забралi трэцi раз, яна праходзiла па справе сведкай, а потым скарбовым коштам прыехала на "хiмiю", дзе i занялася складаннем спеўнiка, што трапiў да маiх рук у дзень прыезду.
